БЕЛ Ł РУС

«Кожнаму не дагодзіш». Улады пакрыўдзіліся на параўнанне з надмагіллем знака да Года беларускай жанчыны

1.05.2026 / 17:41

Nashaniva.com

У Нясвіжы 25 красавіка ўрачыста адкрылі памятны знак у гонар работніц жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ініцыятыву прымеркавалі да абвешчанага Лукашэнкам Года беларускай жанчыны. Аднак у сацсетках яго назвалі надмагіллем. У райвыканкаме праз гэта засмуціліся і прызналіся, што прасцей наогул нічога не рабіць, чым потым атрымоўваць крытыку.

«Гэтая ідэя спантанна ўзнікла ў абласной ЖКГ: вось такі добры горад, давайце зладзім такую акцыю. Ну вось правялі. Лепш іх больш не праводзіць», — сказалі карэспандэнтцы «Белсата» як прыватнай асобе ў Нясвіжскім райвыканкаме на просьбу пракаментаваць «надмагільную пліту» ў гонар Года беларускай жанчыны.

Гэты знак паставілі на тэрыторыі гістарычна-культурнага музею-запаведніку, дзе заклалі алею і стварылі «новую грамадскую прастору «Жанчыны ЖКГ — разам».

«Яшчэ год жанчыны не скончыўся, а яны яе ўжо пахавалі», «Памінкі беларускай жанчыны», «Гэта што, братэрская (сястрынская) магіла жанчын ЖКГ? Неяк страшна зрабілася» — вось толькі некаторыя каментары з сацсетак.

На гэта ў выканкаме адказалі, што «ў кожнага сваё меркаванне»:

«Тры ці пяць асоб, якія ў інтэрнэце выказалі сваю думку, — гэта ўжо прызнаецца за бальшыню? Што за кіпіш падняўся, не разумею. Проста ў кожнага свой густ. Камусьці падабаецца, камусьці не падабаецца. Кожнаму не дагодзіш».

Чыноўнікі запэўніваюць, што памятны знак атрымалі бясплатна, але не прызналіся, хто яго зрабіў. Кажуць: звычайны камень прывезлі з поля і распілавалі.

«Гэта не помнік, гэта проста знак, які абазначае, што жанчыны ЖКГ у Год жанчыны ўсе разам высадзілі прыгожую алею. Там яблынькі такія дэкаратыўныя, жоўтыя і чырвоныя, будуць. І дрэвы кшталту сакуры. З боку Бернардынскай сажалкі будзе вельмі прыгожа выглядаць».

Пасля хвалі крытыкі памятны знак могуць перарабіць, не выключылі ў выканкаме. Сказалі, што параяцца. Пры гэтым прэтэнзіі адыёзнай Вольгі Бондаравай, якая таксама абурылася выглядам знаку, там адрынулі: «А гэта для нас аўтарытэт? Вось гэтую жанчыну асабіста не ведаю і не чытаю ейныя каментары. І, шчыра кажучы, для мяне як для беларуса яна не аўтарытэт».

Больш важнымі для ўладаў былі б водгукі ад мясцовых жыхароў, а не ад «канапных кватэрных блогераў»:

«Перад тым, як абмяркоўваць, патрэбна хаця б адзін раз узяць актыўны ўдзел у жыцці свайго гораду, раёну. Калі б нехта ўзяў удзел, пасадзіў алею, паставіў лаўкі, нешта яшчэ і потым сказаў: зрабілі глупства нейкае, варта перарабіць — мы б гэта прымалі».

Напрыканцы суразмоўца «Белсата» панаракаў, што ініцыятыўных людзей у горадзе мала, і праз гэта апускаюцца рукі нешта рабіць:

«Мы тут у Нясвіжы нешта робім, шмат чаго робіцца, і скверы розныя, і іншае, іншае. Аднак чамусьці гэта робіць вельмі невялікая суполка ініцыятыўных людзей. А калі ідэя здзяйсняецца, столькі крытыканаў знаходзіцца, што, шчыра кажучы, лепш бы нічога не рабіць. Атрымоўвалі б крытыку, што нічога не робіцца — і ўсё на гэтым».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула