Як Бэнксі ўсталяваў статую ў цэнтры Лондана і што яе чакае
Апошняя праца Бэнксі — вялікая статуя чалавека ў касцюме, які маршыруе ў бездань са сцягам на галаве — з'явілася на плошчы Ватэрлоо-Плэйс у сераду пад покрывам ночы. Гэтае месца знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Лондана, непадалёк ад Букінгемскага палаца і ўрадавых будынкаў. Нягледзячы на высокі ўзровень аховы раёна, мастаку ўдалося аператыўна размясціць манумент дзякуючы прафесійнай камандзе.
Фота: Getty Image
Джэймс Пік, аўтар падкастаў на Бі-бі-сі пра Бэнксі, задаўся тым жа пытаннем, адказ на якое хацелі б пачуць многія іншыя:
«Як ён прывёз прычэп з кранам у такое месца пад аховай і як паставіў на пастамент вялікую пластыкавую статую?»
Па адрывістых кадрах з відэа, якое мастак апублікаваў у чацвер у сваім інстаграме, можна здагадацца, як гэта было зроблена.
На стварэнне статуі пайшло, магчыма, некалькі месяцаў, але ўсталёўваць яе трэба было маланкава.
У відэа паказаны дарожныя конусы, якімі адгарадзілі пляцоўку, вялікая машына, што ад'язджае, апушчаныя апоры аўтакрана, чалавек у аранжавай камізэльцы і чалавек у ахоўных акулярах. Затым у кадры — кран, які падымае статую.
«У яго вельмі вялікая каманда, вельмі, вельмі вопытная каманда, — кажа Пік. — Гэта такія чувакі, якія могуць паставіць сцэну для канцэрта «Металікі» за 24 гадзіны. Класныя хлопцы, прытым вельмі арганізаваныя і прафесійныя».
«Яны, верагодна, вывучылі мясцовасць, высветлілі, што і калі там адбываецца, прыехалі ўначы з трэйлерам-аўтакранам, у самы ціхі час, і, відаць, паставілі статую за некалькі хвілін», — працягвае Джэймс Пік.
Статуя стаіць на плошчы Ватэрлоо-Плэйс, побач са статуямі Эдуарда VII, мемарыялам Крымскай вайны і помнікам Флорэнс Найцінгейл (легендарнай медсястры часоў той жа вайны 1853—1856 гг. — рэд.). Гэта гістарычнае месца, вядомае сваёй велічнай архітэктурай і шматлікімі помнікамі. Яно знаходзіцца непадалёк ад вуліцы Мэл і Букінгемскага палаца. Акрамя таго, побач — шмат урадавых будынкаў, замежных пасольстваў і старадаўніх джэнтльменскіх клубаў на вуліцы Пэл-Мэл.
Што кажуць пра статую
Мяркуючы па каментарах пад допісам Бэнксі, статуя вельмі спадабалася. «Класічны Бэнксі», — піша адзін каментатар. «Заўсёды ў кропку», — падтрымлівае іншы. «Ну скажыце, скажыце ж мне, што яна там на пастаяннай аснове», — просіць трэці.
Статуя, як звычайна бывае з творамі Бэнксі, патрапіла ў навіны не толькі ў Брытаніі, але і ва ўсім свеце.
«Гэта вельмі разумна. Яна вельмі дакладна захоплівае момант, чаго звычайна не атрымліваецца з іншымі статуямі — момант, калі сцяг асляпляе гэтага пафаснага лідара ў касцюме, і ён вось-вось зробіць крок у бездань, і выглядае вельмі недарэчна», — лічыць Джэймс Пік.
«Магчыма, Бэнксі лічыць, што ўсе гэтыя «моцныя лідары» і ваяўнічыя настроі — гэта не вельмі добра», — мяркуе аўтар падкаста пра Бэнксі.
Што кажуць улады
У радзе лонданскага раёна Вестмінстэр Бі-бі-сі сказалі, што яны не давалі дазволу на ўстаноўку статуі і каманда Бэнксі іх не папярэджвала пра свае планы.
«Мы ў захапленні ад таго, што ў нас у Вестмінстэры з’явілася новая скульптура Бэнксі. Цудоўнае дапаўненне да багатай палітры публічнага мастацтва ў горадзе», — адзначыў пры гэтым прэс-сакратар савета.
Што далей?
Раней бывала, што працы Бэнксі кралі, але ў гэтам выпадку крадзеж менш верагодны — проста з-за памеру статуі. Праўда, аднойчы Бэнксі ўжо ставіў скульптуру ў Лондане, і яе неўзабаве ўкралі. Гэта было ў 2004 годзе: ён усталяваў на Шафтсберы-авеню — зусім недалёка ад Ватэрлоо-Плэйс — статую «П’яніца», якая парадыруе «Мысляра» Радэна. «П’яніцу» ўдалося вярнуць праз дзесяць гадоў.
Іншыя працы захаваліся і часам выстаўляюцца ў музеях. Што рабіць з гэтай статуяй, мясцовыя ўлады пакуль не вырашылі.
«Мы прынялі меры для аховы статуі, і пакуль доступ да яе адкрыты, публіка можа ёю любавацца і атрымліваць асалоду», — сказаў прэс-сакратар савета Вестмінстэра.