Lufthansa здаецца — цяпер і ў яе будуць білеты без багажу. Прычым ручную паклажу дазваляюць меншую, чым у лаўкостаў
Чамадан або нават звычайны заплечнік можна ўзяць толькі за дадатковыя грошы.
З 19 мая авіягрупа Lufthansa запускае новы тып білета — Economy Basic. Набыць яго можна ўжо з 28 красавіка.
Новы тарыф — самы танны ў лінейцы кампаніі. Але за гэтую даступнасць давядзецца заплаціць абмежаваннямі: пасажыр можа ўзяць на борт толькі невялікую асабістую рэч — сумку для ноўтбука або маленькі заплечнік памерам не больш за 40×30×15 см.
Паказальна, што гэта нават меней, чым дазваляюць лаўкосты: напрыклад, Wizz Air бясплатна дапускае сумкі да 40×30×20 см.
Паўнавартасны ручны багаж — чамадан або звычайны заплечнік — у Lufthansa ўжо за дадатковыя грошы. Натуральна, зарэгістраваны багаж таксама не ўваходзіць у кошт білета.
Новы тарыф будзе даступны на ўсіх авіякампаніях групы: акрамя самой Lufthansa, гэта SWISS, Austrian Airlines, Brussels Airlines, Discover Airlines, Lufthansa City Airlines і Air Dolomiti. Распаўсюджваецца на кароткія і сярэднія еўрапейскія маршруты.
Варта адзначыць, што змены адбываюцца на фоне абмеркавання ў Еўрапарламенце законапраекта, які можа абавязаць авіякампаніі ўключаць ручны багаж у кошт білета бясплатна. Калі закон прымуць, Lufthansa давядзецца перагледзець новую палітыку.