БЕЛ Ł РУС

Выйшаў на свабоду палітвязень, які прыехаў з Расіі і пры абсурдных абставінах затрымаўся ў Беларусі на тры гады

2.05.2026 / 10:04

Nashaniva.com

Аляксандр Смірноў вызваліўся пасля трохмесячнага арышту, напіўся і стаў зрываць чырвона-зялёныя сцягі — каб пакінуць сабе іх на памяць пра знаходжанне ў Беларусі. Атрымаў новы тэрмін.

Аляксандр Смірноў. Фота: Укантакце

Стала вядома пра вызваленне 28‑гадовага беларускага палітзняволенага, грамадзяніна Расіі Аляксандра Смірнова. Хлопец не збіраўся выказваць ніякую палітычную пазіцыю, але лёс склаўся так, што ён трапіў у беларускую калонію.

Аляксандр Смірноў — масквіч. Мяркуючы па сацсетках, адслужыў у войску, працаваў на радзіме ў прадуктовай краме.

Няясна, калі і з якой нагоды Смірноў апынуўся ў Беларусі, але ў красавіку 2023 года яго затрымалі за крадзеж і хуліганства. Па дзвюх крымінальных справах ён атрымаў тры месяцы арышту.

У чэрвені 2023 года Смірноў вызваліўся і адразу ж знайшоў новыя прыгоды. Расіянін па чарзе сарваў чатыры чырвона-зялёныя сцягі. Спачатку на адной з крам — схапіўся за яго рукамі, сарваў з металічным кранштэйнам, зламаў дрэўка і кінуў сцяг на землю. Пасля зняў сцяг з дома каля станцыі метро і аддаў яго супрацоўніку метрапалітэну. Далей зняў сцяг з фасаду будынка «Белпошты» і пакінуў яго каля ўваходу. А ўрэшце сарваў яшчэ адно палотнішча, кінуў яго на прыпынку грамадскага транспарту і падпаліў. У тую ж ноч Аляксандр падпаліў пластыкавы кантэйнер для адходаў.

Аляксандр Смірноў. Фота: Укантакце

У судзе Смірноў расказаў, што зрываў сцягі, бо быў п’яны і захацеў пакінуць сабе іх на памяць пра знаходжанне ў Беларусі і павесіць іх у сябе дома. А сметніцу падпаліў выпадкова, калі кінуў туды непатушаны недакурак цыгарэты. Пасля гэтага ён выклікаў пажарных.

Тым не менш грамадзянін Расіі трапіў пад раздачу — яму прызначылі ажно тры гады калоніі. Ён цалкам адбыў пакаранне ў калоніі ў Воўчых Норах.

«Оступился, упал —

Это страшная мука —

И в стакане искал

Я судьбу свою, сука!», — публікуе цяпер вершы Аляксандр Смірноў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула