Трох польскіх святароў выслалі з Беларусі
Яны доўгія гады служылі ў Браславе, Відзах і ў вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна.
Касцёл у Браславе
Трое польскіх каталіцкіх святароў, якія доўгія гады служылі ў Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкай царквы, вымушаныя пакінуць Беларусь у траўні 2026 года. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей адмовіў ім у прадаўжэнні дазволу на рэлігійную дзейнасць. Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія».
Сярод тых, каго высылаюць: сальватарыянец ксёндз Станіслаў Мжыглуд — шматгадовы настаяцель прыхода Нараджэння Божай Маці ў Браславе; салетынец ксёндз Зянон Шчанхор, які служыў у Беларусі больш за 35 гадоў і апошнім часам быў вікарыем прыхода ў Відзах Браслаўскага раёна; францісканец айцец Вальдэмар Куява, вікарый прыхода ў вёсцы Удзела Глыбоцкага раёна.
Пры гэтым некаторым іншым польскім святарам Віцебскай дыяцэзіі дазвол прадоўжылі — на паўгода.
Гэта не першы выпадак: раней двое польскіх святароў Пінскай дыяцэзіі таксама не атрымалі дазволу на далейшае служэнне і пакінулі краіну.