Франак Вячорка: У нас афігенная дыяспара, але ныццё пра тое, што ўсё кепска, дэматывуе. Мы не ўмеем прадаваць поспехі
«Бывае, прыязджаем на сустрэчу, усе ныюць: усё кепска, дакументы не выдаюцца. Потым пачынаеш капаць: ніводнага канкрэтнага кейсу, які можна было б узяць, вырашыць».
Франак Вячорка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«У нас афігенная дыяспара, яна абсалютна неверагодная. І калі раней казалі: трэба павучыцца ў габрэяў, яшчэ ў кагосьці, — зараз усе вучацца ў нас і нам трэба проста разбудоўваць гэты патэнцыял, наколькі магчыма». Такое меркаванне выказаў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка на дыскусіі «Палітычная адвакацыя: выклікі і магчымасці» ў межах V Канферэнцыі беларусаў свету, піша «Позірк».
Паводле слоў дарадцы дэмлідара, палітыкам, палітычным структурам, самому офісу Ціханоўскай «не хапае вельмі часта канкрэтных кейсаў» той ці іншай праблемы.
«Бывае, прыязджаем на сустрэчу, усе ныюць: усё кепска, нічога не выдаецца (напрыклад, дакументы — НН). Потым пачынаеш капаць: ніводнага канкрэтнага кейсу, які можна было б узяць, вырашыць», — заявіў Вячорка.
«Калі ў нас будуць канкрэтныя прыклады, прэцэдэнты, якія мы ствараем і вырашаем, потым іх лёгка маштабаваць на ўсю беларускую супольнасць», — падкрэсліў ён.
«Аднаго ныцця пра тое, што ўсё кепска, недастаткова, — лічыць Вячорка. — Калі мы будзем казаць, што ўсё кепска, не вырашаецца, мы толькі дэматывуем і нашых партнёраў, і нашыя структуры».
На думку дарадцы, трэба акцэнтаваць увагу на поспехах, але «мы не ўмеем прадаваць сябе, прадаваць свае поспехі». «Думаю, што тут [у Польшчы] па выніках гэтай канферэнцыі нам трэба паспяховыя прыклады запакаваць, раскруціць, паказаць іншым суполкам у іншых краінах, дзе меншая беларуская дыяспара, як гэта было вырашана. Супраца офіса, напрыклад, з іспанскай дыяспарай у справе прызнання пратэрмінаваных пашпартоў — выдатны прыклад», — заявіў прамоўца.
На яго перакананне, толькі супрацай дэмакратычных структур, палітыкаў, «якія адкрываюць дзверы», і суполак на месцах можна дасягнуць выніку. «Калі мы будзем дзейнічаць паасобку, мы не адкрыем дзверы альбо не давядзём справу да канца», — заявіў Вячорка.
Паводле яго слоў, вырашэнне канкрэтных праблем, іх маштабаванне на наступны год павінна стаць прыярытэтам.