БЕЛ Ł РУС

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць былога кіраўніка свайго Офіса

3.05.2026 / 07:50

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі супраць былога кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэя Богдана. Адпаведны ўказ быў падпісаны 2 мая і ўводзіць у дзеянне рашэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, паведамляе «Украінская праўда».

Андрэй Богдан

У санкцыйны спіс гэтым разам уключылі пяць фізічных асоб. Сярод іх названы Андрэй Іосіфавіч Богдан, грамадзянін Украіны, дата нараджэння якога супадае з данымі былога кіраўніка Офіса прэзідэнта.

На сайце прэзідэнта Украіны паведамляецца, што дзеянні гэтых асоб пагражаюць нацыянальным інтарэсам, бяспецы, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Акрамя Богдана, санкцыі таксама ўведзеныя супраць украінскага бізнэсмена Багдана Пукіша, якога называюць паплечнікам кума Пуціна Віктара Медзведчука, расійскага бізнэсмена Алана Кірухіна, а таксама двух прадстаўнікоў расійскага алімпійскага спорту — Станіслава Пазднякова і Міхаіла Маміашвілі.

Абмежаванні прадугледжваюць пазбаўленне дзяржаўных узнагарод Украіны, блакаванне актываў, спыненне гандлёвых аперацый, перашкоды для вываду капіталу за межы краіны, спыненне ліцэнзій і дазволаў, а таксама забарону ўдзельнічаць у прыватызацыі і арэндзе дзяржаўнай маёмасці.

Санкцыі ўводзяцца на 10 гадоў. Пазбаўленне дзяржаўных узнагарод дзейнічае бестэрмінова.

Андрэй Богдан узначаліў адміністрацыю прэзідэнта Украіны ў маі 2019 года адразу пасля перамогі Зяленскага на прэзідэнцкіх выбарах. Аднак ужо ў лютым 2020 года ён быў звольнены, а яго месца заняў Андрэй Ярмак.

Пазней Зяленскі заяўляў, што спачатку разглядаў Багдана на пасаду генеральнага пракурора, але з часам палічыў, што праца ў Офісе прэзідэнта негатыўна на яго паўплывала і зрабіла канфліктным.

Сам Богдан пасля звальнення востра крытыкаваў Зяленскага і яго каманду. Таксама пазней ён сцвярджаў, што дэпутаты ад партыі «Слуга народа» атрымліваюць грошы ў канвертах за патрэбныя галасаванні ў Вярхоўнай Радзе.

Чытайце таксама:

У новы санкцыйны пакет Украіны ўвайшлі 11 беларускіх прадпрыемстваў і 16 грамадзян Беларусі. Сярод іх Шэйман і сыны Лукашэнкі

Зяленскі заявіў пра падпісанне санкцыйнага пакета, у тым ліку і супраць суб'ектаў з Беларусі

Зяленскі асудзіў рашэнне ЗША падоўжыць паслабленне санкцый супраць Расіі

Каментары да артыкула