У Мінску будуюць новы шматфункцыянальны цэнтр з прамым выхадам з метро
Дзе ён будзе?
Так будзе выглядаць шматфункцыянальны цэнтр «Чачота 2В». Фота: «Мінск-Навіны»
У сталіцы на скрыжаванні праспекта Дзяржынскага з вуліцай Я. Чачота ўзводзяць шматфункцыянальны цэнтр. Дабудаваць яго плануюць у 2027-м.
Будаўніцтва цэнтра. Фота: «Анлайнер»
Раней тут збіраліся зрабіць шматузроўневы паркінг да ЖК «Мегаполіс». Але паркінг так і не завяршылі. У 2024‑м вырашана было адабраць зямлю ў кампаніі і знесці тое, што набудавалі.
Новы ўласнік выкупіў даўгабуд на аўкцыёне, расказвае «Анлайнер».
Заказчыкам праекта выступае ЗАТ «Белцяжмаш». Гэтую арганізацыю вы можаце ведаць па такіх аб’ектах, як бізнэс-цэнтры Omega Tower і на Захарава, 42, гандлёвы цэнтр Globo.
Будаўніцтва цэнтра. Фота: «Анлайнер»
Што цікава, новы шматфункцыянальны цэнтр будзе не толькі прасторны — 23 500 квадратных метраў, але і з рэдкай для Мінска фішкай.
«У кроку ад станцыі метро «Малінаўка» будуецца шматфункцыянальны комплекс «Чачота 2В» з прамым выхадам з метро проста ў будынак. Пешаходы будуць трапляць у гандлёвую прастору, не выходзячы на вуліцу», — так апісвае канцэпт заказчык, удакладняючы, што зараз збірае заяўкі ад патэнцыйных арандатараў.
Будаўніцтва цэнтра. Фота: «Анлайнер»
Каго чакаюць на плошчах «Чачота 2В»? Розныя крамы, гастрамаркеты, рэстараны, кафэ, фудкорты, кавярні, пякарні. Таксама спадзяюцца адкрыць фітнэс-, велнес– і б’юці-месцы; дзіцячыя і сямейныя прасторы. А яшчэ банкі, аптэкі, медцэнтры, сэрвісныя кампаніі, офісы. Спашукальнікі павінны прэтэндаваць на плошчу не менш за 500 «квадратаў».