«Лукашэнка назваў нас дэзерцірамі». Гісторыя беларускі, якая ў 1970‑я ўцякла з беларускага калгаса ў Літоўскую ССР
Турмонты (Турмантас) — адзін з апошніх літоўскіх населеных пунктаў перад беларускай мяжой — сёння налічвае каля 200 жыхароў. Значную частку з іх складаюць выхадцы з Беларусі, якія пераехалі сюды яшчэ за савецкім часам. Адна з іх — 74‑гадовая Кацярына Сас.
Яна пераехала з беларускай вёскі ў Літоўскую ССР яшчэ ў 1972 годзе разам з усёй сваёй сям’ёй. У гутарцы з «Белсатам» беларуска расказала, у чым была прычына ад’езду, як ішло жыццё на новым месцы, колькі складае пенсія ў Літве і якую сапраўдную беларускую вясковую страву гатуе дагэтуль, піша «Белсат».
«Жаніха і нявесту няслі на плячах, бо не было дарогі, гразь»
Мястэчка, у якім жыве Кацярына, прымыкае да латвійскай мяжы, а ўсяго за 120 кіламетраў адсюль пачынаецца Верхнядзвінскі раён Беларусі. Яшчэ ў савецкія гады пасёлак Турмантас меў важнае значэнне дзякуючы чыгуначнай станцыі — праз яго праходзіла багата цягнікоў. У 1995 годзе Турмонтам нават надалі гарадскі статус, але праз чатыры гады ён яго страціў, бо насельніцтва тут пачало імкліва скарачацца.
У населеным пункце — шмат беларусаў, якія пераехалі сюды яшчэ за савецкім часам. Для шмат каго з іх Літва стала домам. Сюды Кацярына пераехала разам са сваёй сям’ёй з вёскі, што знаходзілася за восем кіламетраў ад Відзаў, на Браслаўшчыне. Жанчына расказвае, што прычынай пераезда стала цяжкая праца ў беларускім калгасе:
«Вёска была такая, што трэба было восем кіламетраў ісці да цэнтральнай сядзібы. Муж працаваў шафёрам, вазіў лён у Друю. А гэта ж без дарог, іх тады не было, па гразі, муж прыязджаў «без рук». А я тады не працавала, з дзіцём была…
Памятаю, як на дошцы вывешвалі заробак — 1 руб. 83 кап. А бывала і 60, і 90 капеек. Гэта ўжо пасля тых «палачак» (працадзён. — рэд.). Чаму такая розніца была — не ведаю. Пра ўладу тады не думалі: сказалі — зрабіў. Цяпер можна сказаць, што ўлада вінаватая, а тады… хто яго ведае. Як жылі, так і жылі».
Паводле ўспамінаў беларускі, людзі пасля вайны радаваліся ўжо таму, што яна скончылася. Але лёгкім жыццё не стала. У 1960-я, расказвае Кацярына, у вёсках не хапала хлеба, людзі лаялі Мікіту Хрушчова, стаялі ў чэргах, а ў крамах была цісканіна.
Вуліца ў мястэчку Турмантас. Фота: Vilensija / Wikimedia
Кацярына згадвае, як незадоўга да іх пераезду ў вёсцы гулялі вяселле. Для таго, каб прывезці людзей узялі гусенічны трактар, але і ён заглух у гразі, таму жаніха і нявесту неслі на плячах, каб тыя не выпацкаліся ў гразі, — апісвае яна сітуацыю з дарогамі ў вёсках у тыя часы.
«Дык вось у Літве ў нас жыла сваячка, яна і прапанавала: «Што вы будзеце тут па гразі па калена хадзіць, давайце ў Літву». Расказала, што тут дом прадаецца, мы як маладыя так і рванулі. Бабулі ўжо тады было пад сто гадоў, мама ляжачая, інвалідка, бацька ўжо быў на пенсіі — мы ўсіх забралі з сабой».
Склеп капаць — талака, дах рабіць — талака, дровы — талака, сена касіць — талака»
На новым месцы мужа Кацярыны адразу ўзялі працаваць шафёрам. Паводле спецыяльнасці беларуска была маляром, у той час мясцовы калгас будаваў кантору, і калі будынак ужо ўзвялі, Кацярына занялася яго аздабленнем. Да гэтага ж працавала ў паляводстве. Жыла сям’я на хутары за сем кіламетраў ад Турмантасу.
У Беларусі, паводле яе суразмоўцы, магчымасцяў для ўласнай гаспадаркі амаль не было: дазвалялі мець толькі 25 сотак зямлі, і на гэтым усё — развівацца было немагчыма. Пасля пераезду ў Літву сітуацыя змянілася: маладыя і поўныя сіл, яны адразу ўзяліся за працу і пачалі весці гаспадарку. Трымалі кароў, авечак, займаліся свінагадоўляй. Яны шмат працавалі і выкарыстоўвалі кожную магчымасць зарабіць — нават вазілі яблыкі на продаж у Ленінград.
«У нас тут такі куток быў беларускі, — расказвае Кацярына. — Вось у Багданішках сем’яў сем з Беларусі прыехала. Мы дружныя былі, разам будаваліся. Па-беларуску гэта называлася «талака»: склеп капаць — талака, дах рабіць — талака, дровы — талака, сена касіць — талака. Беларусы вельмі дружныя людзі. Мы такімі і засталіся».
Назад у Беларусь, паводле яе, амаль ніхто не вяртаўся. Толькі сын аднаго суседа ажаніўся з беларускай і застаўся там жыць. Астатнія засталіся ў Літве, бо, як кажа Кацярына, тут было лягчэй.
Пазней, калі пачалася меліярацыя і хутары пачалі перасяляць у пасёлкі, сям’я пераехала ў Турмантас. Там яны пабудавалі ўласны дом.
Пасля распаду Савецкага Саюза муж Кацярыны прапаноўваў вярнуцца ў Беларусь. Але ў 1989‑м памерла дачка, і беларуска не захацела пакідаць магілу:
«І добра, што не паехалі, бо тут мы «акупанты», а там — «дэзерціры». [Лукашэнка] Пан сказаў: «Пабеглі дэзерціры — было дрэнна, усе рвалі ў Еўропу, а цяпер назад бяжыце». Ну, не хацелася быць дэзерцірам. Хоць і «акупантамі» тут называлі. Але цяпер ужо ўсё нармальна, ніхто нас так не называе. Мы прыжыліся, жывём, і ўсё добра, дзякуй Богу. Можна жыць. Толькі ўзрост падводзіць».
«Слухаю Свабоду, «Настоящее время», але тут жа ў мяне і беларускія дзяржаўныя каналы ёсць»
Пенсія Кацярыны ў Літве складае 470 еўра (каля 1570 рублёў). Кажа, што гэтага хапае, калі жывеш на вёсцы — маеш свой дом, агарод. Дзяцей у Кацярыны цяпер не засталося, у гэтым годзе сканаў і сын беларускі.
«Таму цяпер пераязджаю ў Латвію, Даўгапілс. Там у мяне сястра, уся радня. Туды і еду, бо тут адна. Не ведаю, як я там прыжывуся. Мне ў горадзе цяжка. Паеду — і стамляюся. А тут выйшаў у вёсцы — дыхай, ідзі куды хочаш. Кійкі ў рукі — і пайшоў гуляць. Горад не для мяне. Я сельскі жыхар. Агарод пасадзіць — гэта ж задавальненне. Пайшоў, пакапаўся ў зямлі, энергіі набраўся. А першая памідорка ці клубнічка — гэта ж шчасце», — кажа яна.
У Беларусі ж блізкіх родных ужо не засталося. Магчыма, недзе ёсць далёкія пляменнікі ці стрыечная радня, але сувязі з імі няма.
Апошні раз у Беларусі Кацярына была ў 1988 годзе. Па прадукты ці бензін, як рабілі некаторыя жыхары памежных вёсак пасля, таксама не выбіраліся:
«Нам тут усяго хапала. А калі муж памёр, то і машыны ўжо не стала».
Сёння яна сочыць за беларускімі навінамі, але прызнаецца: не заўсёды разумее, каму можна верыць.
«Слухаю Свабоду, «Настоящее время», але тут жа ў мяне і беларускія дзяржаўныя каналы ёсць, там зусім іншае, параўноўваю. Але каму верыць — не ведаю. Застаюся пры сваім меркаванні. Ведаю, што ёсць палітвязні. Пасля 2020 года шмат каго пасадзілі. Думаю, цяпер ужо частку выпусцілі. Лукашэнка сябе засцерагае — трымае ворагаў далей.
Але я, канечне, ведаю, што такое рэпрэсіі. Мамы брат служыў у польскай Арміі Краёвай, дык ён да 1965 года не мог прыехаць у Беларусь. Нават прозвішча мяняў. Вось так было», — разважае яна.
«Поліўка і гульбішнікі, апошняе я і цяпер раблю»
Калі размова заходзіць пра магчымую вайну, Кацярына адказвае, што не верыць у яе пачатак:
«Людзі не такія дурныя, каб пачынаць вайну. Памяць засталася: вайна — гэта смерць і кроў. Маё меркаванне — не будзе вайны. Думаю, пакуль ёсць Лукашэнка — ён выкруціцца. Ён хітры, і вашым, і нашым. Пакуль ён ёсць — не будзе. А далей хто ведае».
Чыгуначная станцыя ў мястэчку Турмантас. Фота: Vilensija / Wikimedia
Калі пытаешся, пры якой уладзе ёй жылося лепш, яна пасля паўзы адказвае:
«За Брэжневым. Бо была маладая. Працавалі, усяго хапала. Грошай было шмат, але купіць не было чаго. А цяпер… Я столькі ўладаў перажыла. У Літве яны мяняюцца, як дымка: прайшлі — і ўсё, і ў твар нават не запомніў».
Нягледзячы на больш як паўстагоддзя жыцця ў Літве, Кацярына па-ранейшаму ўважае сябе беларускай. Беларускую мову разумее, чытае свабодна і нават пераходзіць з расійскай мовы, на якой мы з ёй размаўлялі, на беларускую.
«Я сябе беларускай адчуваю. Вось пражыла тут з 1972‑га — звар'яцець, колькі гадоў. А ўсё роўна маё там, беларускасць ува мне засталася», — кажа яна.
З беларускага найбольш выразна ў памяці ў Кацярыны — вясковыя стравы. Яна згадвае гульбішнікі і поліўку:
«Беларуская поліўка — гэта бацька любіў. Буйна парэзаная бульба, вада, цыбуля, хлеб, размочаны ў вадзе, і ўсё гэта туды. Калі быў пост, так елі. А гульбішнікі я і цяпер раблю. Гэта не дранікі. Гэта вараная бульба, таўчэцца, потым робяцца такія аладкі, начыняюцца морквай, капустай ці яшчэ чым і смажацца на сухой патэльні».
Стараабрадніцкая царква ў мястэчку. Фота: Vilensija / Wikimedia
У Турмантасе, дзе жыве беларуска, ёсць дзве царквы — каталіцкая і стараабрадніцкая. Кацярына адносіцца да апошняй. Веру, кажа яна, дапамаглі захаваць сям’я і дом: бацькі былі веруючыя, бабуля таксама, абразы заўсёды стаялі ў хаце. Але савецкі час пакінуў у памяці балючы эпізод.
«Калі прымалі ў піянеры, у мяне на шыі быў крыжык. І прымусілі яго зняць. Гэта была такая трагедыя для дзіцяці! І галоўнае — крыжык мне не аддалі. Знялі — і ўсё, гальштук павязалі. Гэта быў жах нейкі», — згадвае яна.
Потым, ужо падлеткам, сумнявалася: ёсць Бог ці няма. Але з часам, кажа Кацярына, зноў вярнулася да веры.
Разважаючы пра выпрабаванні, якія выпадаюць беларусам, яна не дае гучных адказаў. Кажа проста:
«Хто цягне воз — на таго і кладуць, конь цягне — яму яшчэ больш пакладуць. Так і Бог, напэўна, на беларусаў», — дзеліцца яна сваёй мудрасцю.