Мінчанка прыехала ў Гомель, засялілася ў гасцініцу і стала чакаць вяртання 200 тысяч рублёў
Гісторыя з разводам на грошы пачалася звыкла. 59‑гадовай жанчыне патэлефанавалі з прапановай замяніць чып для дамафона.
Не звярнуўшы ўвагі на замежны нумар, яна паведаміла суразмоўцу код з СМС, пасля чаго размова перарвалася, паведамляе СК.
Затым патэлефанавала невядомая, якая прадставілася супрацоўніцай Міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі. Яна сказала, што ашуканцы могуць скарыстацца яе персанальнымі звесткамі, і запатрабавала напісаць заяву паводле ўзору, а пасля адправіць яе фота «праваахоўніку».
У выпадку непадпарадкавання мінчанцы прыгразілі вобшукам. Спалохаўшыся такой перспектывы, жанчына выканала ўсё, што ад яе патрабавалі.
На наступны дзень жанчыне патэлефанаваў ілжэсупрацоўнік Следчага камітэта. Ашуканец паведаміў, што ноччу з банкаўскай карты мінчанкі здзяйсняліся спробы пераводу грашовых сродкаў на замежныя рахункі, і запатрабаваў задэклараваць усе грошы. Пацярпелая склала свае зберажэнні ў канверт і перадала яго кур’еру.
Жанчына таксама па патрабаванні махляроў прадала свой аўтамабіль і аддала пасыльнаму зламыснікаў грошы. Яна ж аформіла пазыкі ў банках і накіравала ўсе сродкі ашуканцам «для дэкларавання».
У выніку жанчына выканала ўсе ўказанні, а пасля на таксі адправілася ў Гомель, дзе зняла нумар у гасцініцы і чакала вяртання сродкаў. Калі з ёй ніхто не выйшаў на сувязь, яна ўсвядоміла, што стала ахвярай падману, і звярнулася ў міліцыю.
Агулам жанчына страціла больш за 200 тысяч рублёў.