БЕЛ Ł РУС

У Акадэміі навук пачалі рабіць з дацкай чырвонай каровы беларускую

4.05.2026 / 16:09

Nashaniva.com

Беларускія навукоўцы завяршылі першы этап стварэння ўласнай высокапрадуктыўнай чырвонай пароды малочнай жывёлы. Праект рэалізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук і накіраваны на распрацоўку новай пароды, прыстасаванай да мясцовых умоў, паведамляе тэлеканал СТБ.

На першым этапе беларускія спецыялісты займаліся адаптацыяй дацкіх чырвоных кароў, вывучалі іх прадуктыўнасць і ўмовы ўтрымання.

Даследаванні праводзяцца ў розных гаспадарках, у тым ліку на эксперыментальнай базе «Вусце» ў Аршанскім раёне. Паводле назіранняў, жывёлы добра прыжыліся ў беларускім клімаце, даюць высокія надоі і дэманструюць устойлівасць да знешніх фактараў.

Як адзначыў кіраўнік НАНБ Уладзімір Каранік, на гэтым этапе таксама вызначалі генетычны патэнцыял пароды і аптымальныя тэхналогіі яе ўтрымання, каб забяспечыць як захаванасць жывёлы, так і высокую прадуктыўнасць.

Цяпер праект пераходзіць у наступную фазу. Плануецца выдзеліць генетычныя маркеры, якія адказваюць за прадуктыўнасць і жыццяздольнасць, а затым выкарыстоўваць іх для стварэння новай пароды шляхам скрыжавання з беларускімі і іншымі пародамі, у тым ліку галшцінскай.

Мэта праекта — да 2030 года атрымаць айчынную чырвоную пароду, якая стане альтэрнатывай ужо наяўным. Чакаецца, што малако такіх кароў будзе мець павышанае ўтрыманне тлушчу, бялку і вітамінаў, што асабліва важна для вытворчасці сыроў і іншай прадукцыі з высокай дададзенай вартасцю.

Чытайце таксама:

«Такое — паўсюдна». Відэа з каровамі ў гразі ў Добрушскім раёне стала вірусным у сацсетках

Анколаг Каранік выступіў з дакладам аб захаванні буйной рагатай жывёлы

«Апошні трактар ​​забярэ банк». Як фермер пабудаваў унікальны бізнэс, але праз 30 гадоў усё страціць

У Беларусі павялічыліся надоі малака

Беларуса спынілі на мяжы з Расіяй з каровінымі галовамі

Каментары да артыкула