Выйшла на свабоду палітзняволеная Вольга Чукарава, якая ў зняволенні амаль аслепла
У яе здарыўся інсульт, і яна амаль аслепла, перасоўвалася навобмацак.
Вольга Чукарава
50‑гадовая Вольга Чукарава была затрыманая 11 лістапада 2024 года. Яе абвінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі, абразу прадстаўніка ўлады і Лукашэнкі, а таксама за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні».
3 кастрычніка 2025 года Мінскі гарадскі суд прызнаў яе вінаватай і прысудзіў да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У той жа час яе ўнеслі ў спісы асоб, звязаных з экстрэмісцкай дзейнасцю, а крыху пазней — і ў так званы «спіс тэрарыстаў», што азначала, у тым ліку, забарону на грашовую дапамогу падчас зняволення.
Падчас знаходжання ў СІЗА стан здароўя Вольгі рэзка пагоршыўся. На фоне моцнага стрэсу яна перажыла інсульт, у выніку якога амаль цалкам страціла зрок. Нягледзячы на цяжкі стан, яна працягвала заставацца ў зняволенні.
Паводле сведчання былой палітзняволенай Марыны Золатавай, Вольга паводзіла сябе стойка і не скардзілася, нават калі ў яе быў вельмі высокі ціск. Яна імкнулася адаптавацца да жыцця без зроку — вучылася самастойна перасоўвацца навобмацак. Яе некаторы час утрымлівалі ў атрадзе, пасля чаго перавялі ў санчастку і вазілі на медыцынскія абследаванні. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у яе маглі выявіць і іншыя сур’ёзныя захворванні.
Сітуацыя ўскладнялася і сямейнымі абставінамі: у Вольгі ёсць дачка-падлетак, якая жыве ў інтэрнаце, сын знаходзіцца ў войску, а маці — інвалід першай групы, прыкаваная да ложка.
У сакавіку 2026 года Вольгу этапавалі з калоніі ў следчы ізалятар, пасля чаго з’явілася інфармацыя пра яе вызваленне 29 сакавіка. Аднак дакладна невядома, ці было гэта памілаванне, ці вызваленне па стане здароўя.
Чытайце таксама:
Вызвалены палітвязень Мікіта Емяльянаў — у свае 26 гадоў даведзены да вельмі цяжкага стану здароўя