БЕЛ Ł РУС

«Валасы дыбарам». У ютубе з'явіліся відэаролікі па гісторыі Беларусі, ад пачатку да канца напісаныя штучным інтэлектам

4.05.2026 / 17:44

Nashaniva.com

У Стоўбцах за рэстаранам «Нёман» бясплатна раздаюць Тэслы. Але ёсць адна дэталь. Не за рэстаранам, а каля вакзалу, не Тэслы, а ровары. І не раздаюць, а крадуць. А ўсё іншае праўда. Такая ж думка прыйшла мне ў галаву пасля прагляду відэаролікаў «Скрытая Беларусь». Магчыма, яго аўтары хацелі як лепш — папулярызаваць гісторыю Беларусі, але выйшла на шкоду справе, піша ў фэйсбуку журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Найперш, а ці былі людзі? І вокладкі, і закадравы голас у гэтых ролікаў — прадукт Штучнага Інтэлекту. Але самае сумнае, што і сцэнары з амаль усімі «фактамі». Калі слухаеш, то адчуваецца, што сцэнары напісаныя чатам GPT. Такая ж мелодыка, пустата ў словах і абсалютна ўзятыя са столі факты.

Без чалавека ШІ нішто, а для беларушчыны і пагатоў.

Разбярэм ролік пра Уладзіміра Караткевіча. Пачынаецца відэа сказам: «25 ноября 1984 года в минской больнице скончался человек, чьё имя знала вся страна». Караткевіч памёр 25 ліпеня. У роліку пра Барадуліна, напрыклад, прыдумалі няісную вёску, дзе ён нібыта нарадзіўся. Але бяда ў тым, што гэта самыя бяскрыўдныя «памылкі».

Нехта скажа, не рабі ім рэкламы. Нюанс у тым, што некаторыя ролікі маюць тысячы і больш дзясятка тысяч праглядаў.

Вернемся да роліка пра Караткевіча. Згадваюцца нейкія «273 страницы из досье КГБ» на класіка. Алё, гэта калі КДБ адкрыла свае архівы? Цытуецца нібыта гэбэшная нататка з красавіка 1984 года, дзе раіцца ўзмацніць назіранне за Караткевічам і ўвесь наратыў роліка вядзе да таго, што Караткевічу дапамаглі памерці людзі з органаў. Пазней ідзе гаворка пра нібыта словы Караткевіча ў чэрвені, пра планы гэбэшнікаў: «Яны чакаюць зручнага моманту». А ў наступным сказе ў роліку ідзе гаворка пра нібыта той зручны момант увосень, калі Караткевіч пісаў чарговы раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Але праблема ў тым, што ўвосень 1984 года Караткевіча ўжо некалькі месяцаў не было ў жывых. А па-другое, славуты раман ён напісаў амаль за 20 год да смерці.

Потым згадваецца вусцішная сцэнка з прыходам гэбэшнікаў у кватэру да Караткевіча з запалохваннем, каб ён не пісаў раман, а «жена писателя Алла Ивановна…» Нават неістотна, што яна рабіла, бо жонку Караткевіча звалі Валянціна Браніславаўна.

Паводле аўтараў роліка, за дзень да смерці ў палаце пісьменніка запалохвалі двое ў цывільным, а ранкам яго знайшлі мёртвым. І нібыта ўсё гэта расказала лекарка бальніцы. У кожным сказе сенсацыя на сенсацыі. Пасля ізноў, што «Хрыстос прызямліўся…» — гэта апошні раман, які выйшаў мізэрным накладам у 5 тысяч асобнікаў, афіцыйна праз нібыта недахоп паперы. Гэта, вядома ж, поўная лухта.

Слухаем далей. Валасы дыбарам. Пра нейкі хапун інтэлігенцыі ў Менску ў 1984 годзе, пра арышты і знікненні нацыянальных дзеячаў. На фразе «Поэт Василь Быков, друг Короткевича, получил предупреждение из органов», я зарагатаў.

Потым пачынаецца поўны трэш. Сведчанні нейкіх людзей пра тое, што мент калоў Караткевічу укол з нечым невядомым, а ў той час жонка Ларыса Генадзьеўна… не важна, што яна рабіла, пару хвілін раней аўтары назвалі яе Алай Іванаўнай, хаця насамрэч яна была Валянцінай Браніславаўнай. Потым ідзе гаворка пра апошнюю недапісаную кнігу Караткевіча «Лісце і карані». Ажно пагугліў з цікаўнасці. «Карані / Лісце» — гэта зборнік дэкаланіяльных тэкстаў, напісаных жанчынамі, транс і небінарнымі людзьмі з Беларусі. Далей цытуецца тост за смерць Караткевіча ў Маскве, запісы з дзённіка забойцы.

Агучылі там і апошнія словы Караткевіча ўдаве Ларысе Генадзьеўне, якая там жа раней была Алай Іванаўнай, а насамрэч Валянцінай Браніславаўнай. Не важна, што паміраючы Караткевіч мог ёй сказаць, бо жонка класіка памерла за паўтара года да яго.

Ужо калі я прагледзеў відэа, то прачытаў у апісанні: «Видео предлагает интерпретации и побуждает зрителя глубже изучать историю».

Магчыма ў аўтараў самыя добрыя намеры, але калі мае словы дойдуць да іх, то горача заклікаю спыніць гэтую шкодную дзейнасць па пашырэнні невуцтва. Каментатары пад ролікамі ўспрымаюць «сенсацыі» за чыстую манету.

А наша гісторыя і нашы героі, настолькі цікавыя, светлыя, драматычныя, добрыя, злыя, слабыя і моцныя, што ім не трэба прыдумляць альтэрнатыўныя біяграфіі.

Чытайце таксама:

«Я заліп, заліпайце і вы». Гурневіч пра новы гістарычны праект «Карона Вітаўта»

Гурневіч: Спрабую знайсці прычыну галасаваць за КР, але не знаходжу. З-за паводзін сяброў КР

«У мяне ў вачах быў жах памерам з Атлантыку». Гурневіч расказаў, як «разведчык» Пратасевіч хадзіў на рэдакцыйнае заданне

Каментары да артыкула