Беларускі індзі-музыка Prastora выпусціў новы альбом
Улад Prastora Рубанаў выпусціў новы рэліз — ён пра тое жывое, што ёсць у кожным і кожнай з нас.
Улад Prastora Рубанаў выпусціў новы рэліз — ён пра тое жывое, што ёсць у кожным і кожнай з нас, пра святло любові і свабоду ад ацэнкі ў хаатычным свеце культу розуму.
«Жывое» пачынаецца з металёвага гучання кампазіцыі «Калі-юга» (сінонім эпохі заняпаду). У ёй музыка дазваляе сабе агрэсію і крытыкуе капіталістычны парадак свету, у якім важнейшымі за чалавека сталі лічбы — колькасць праглядаў і грошы, гаворыцца ў прэс-рэлізе.
«Ці зможа цябе сагрэць гэта папера? Хіба што проста згарэць», — рэфлексуе Prastora і заклікае слухачоў да кааперацыі замест канкурэнцыі. Бо салідарнасць — гэта тое, што можа падтрымліваць нас не толькі ў моманты крызісаў, але і ў паўсядзённасці.
Астатнія шэсць песен — шлях ад унутранай цемры да святла. Музыка запрашае да сумеснай медытацыі. Трэк «Дзеці» нагадае: «Твой шлях не патрабуе дадатковай рэдактуры», досыць проста верыць у тое, што любіш. Напачатку гэта можа быць няпростым, але калі ёсць моцны ўнутраны намер, страхі і перашкоды сыходзяць на задні план. Галоўнае — быць шчырым, бо «музыка без любові — гукаў набор», спявае артыст у кампазіцыі «Лотас».
«Жывое» — гуманістычны альбом. Цэнтральнае месца ў рэлізе займае трэк «Чалавек». У ім музыка прымае сваю чалавечую прыроду і дае сабе права на памылкі, усведамляючы, што ў досведу няма знаку, а ўсе «добра і дрэнна» сканструяваныя розумам. Філасофская «Выспа бяспекі», эстэцкае «Цудоўнае», а таксама фэнтэзійны «Чалавек-таверна» — чарговае прызнанне ў любові людзям, творчасці, сусвету і прыгажосці, якая навокал нас.
Новы альбом Prastora дапамагае вярнуць адчуванне гульні, перастаць быць звышсур’ёзным, дазволіць сабе складаныя эмоцыі і ўсвядоміць сябе як чалавека, а не як ідэю. Бо ў рэшце рэшт гэта і ёсць тое жывое ўнутры нас, на што мы, на жаль, часам забываемся, гаворыцца ў прэс-рэлізе.