У цэнтры Мінска 6 і 7 мая будуць перакрываць вуліцы
Напярэдадні ўрачыстых мерапрыемстваў каля манумента Перамогі, прызначаных на 9 мая, у горадзе ўвядуць часовыя абмежаванні для транспарту. Пра гэта паведамілі ў сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo / Pavel Bednyakov
Першыя перакрыцці чакаюцца ўжо 6 мая — з 12:00 да 13:30. Затым абмежаванні паўторацца 7 мая ў вячэрні час — з 18:30 да 20:00. У гэтыя гадзіны рух цалкам закрыюць у абодвух напрамках на шэрагу ключавых вуліц у самым цэнтры сталіцы.
Пад абмежаванні трапіць праспект Незалежнасці на ўчастку ад вуліцы Янкі Купалы да вуліцы Казлова. Таксама праезд будзе недаступны на вуліцы Захарава — ад праспекта Незалежнасці да Першамайскай, і на вуліцы Кісялёва — ад праспекта да вуліцы Чырвонай.
Такія меры тлумачаць падрыхтоўкай да святочных мерапрыемстваў і неабходнасцю гарантаваць бяспеку падчас іх правядзення. Кіроўцаў просяць загадзя ўлічваць змены і па магчымасці карэктаваць маршруты, каб пазбегнуць затораў.
Чытайце таксама:
Хэдлайнерам канцэрта ў Мінску ў Дзень Перамогі стане Алег Газманаў
Гастрапляцоўка «Пясочніца» ў Мінску ўсё ж не адкрыецца. Што адбылося
На заўтра ўпершыню ў гэтым годзе абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі праз спёку