Мінчанін Слава Пушка хоча, але не можа паваяваць за Расію. І просіць скінуцца яму на замену пашпарта, каб дабрацца да фронту
За сваё жыццё 35‑гадовы Вячаслаў Бібікаў не назапасіў нічога — акрамя сямі крымінальных спраў. Марыць зарабіць на кватэру. Кажа, лепш паваяваць, чым бадзяцца.
Вячаслаў Бібікаў. Тут і далей фота з яго сацсетак
Па расійскіх суполках, прысвечаных «СВА» (так расійская прапаганда называе вайну), распаўсюджваецца допіс беларуса Славы Пушкі, які просіць дапамагчы грашыма — маўляў, неабходна зрабіць новы пашпарт, каб пусцілі ў Расію. Многія не вераць яму, кажуць, што махляр. Але Слава настойвае: абавязкова паеду на фронт, толькі дайце грошай!
Пакідае гэтыя абвесткі 35‑гадовы Вячаслаў Бібікаў (Слава Пушка — яго псеўданім). Нарадзіўся ён у Мінску, скончыў Мінскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №38 перапрацоўчай прамысловасці.
У калекцыі маладога мужчыны, па інфармацыі Belpol, сем судзімасцяў. Пачаў свае прыгоды яшчэ ў 2008 годзе, калі скраў акумулятар з адной машыны і спрабаваў выцягнуць нейкія рэчы з іншай. Тады ж сцягнуў у тралейбусе чужы мабільнік.
Быў і разбой — забраў сумку ў жанчыны на мінскім вакзале, некалькі разоў выносіў штосьці з чужых кватэр. Аднойчы забраў сабе чужы ровар з пад’езда.
Да калоніі Вячаслаў не даязджаў, хіба што паўгода пасядзеў у арыштным доме.
Апошнім вядомым месцам працы Бібікава, згодна з данымі стаў ЖЭС №67 Ленінскага раёна — там Вячаслаў быў рабочым.
Цяпер ён прыдумаў іншы спосаб палепшыць сваё матэрыяльнае становішча — хоча ваяваць за Расію. Але і тут гаротніку не шанцуе — ці наадварот.
Бібікаў прызнаецца, што на вайну збіраецца выключна для таго, каб зарабіць на кватэру — ніякіх высокіх ідэалаў у яго няма. Але ідэя хутка атрымаць шмат грошай заваблівае.
Кагосьці, хто б адгаварыў яго ад дурной думкі, у Вячаслава няма — маці і бабуля памерлі. Адзіным родным чалавекам ён лічыць 12‑гадовую дачку (мужчына ў разводзе).
Бібікаў падаў заяўку, каб стаць наймітам — але не атрымаў ніякага адказу. Тады вырашыў сам ехаць у Расію і на месцы прасіцца на фронт.
Сцвярджае, што перспектыва стаць інвалідам ці загінуць, змагаючыся за чужыя палітычныя амбіцыі, яго не пужае.
Але ж на беларуска-расійскай мяжы высветлілася, што Вячаслаў нават не паглядзеў на тэрмін дзеяння свайго пашпарта — а той ужо даўно пратэрмінаваны. Апошнія гады працаваў неафіцыйна, таму і дакумент быў не вельмі патрэбны. У выніку мужчыне прыйшлося вярнуцца на радзіму.
Цяпер праз суполкі ва «УКантанце» ён спрабуе атрымаць фінансавую дапамогу ад расіян — распавядае тым, што яму трэба прыблізна 3000 расійскіх рублёў, каб хуценька зрабіць новы пашпарт.
Вырашыць пытанне з галоўным дакументам за тыдзень каштуе тры базавыя — 135 рублёў. Прыблізна столькі Бібікаў спрабуе сабраць з расіян — але яны беларусу не вераць і называюць махляром.
«Дапамажыце. Лепш паслужу, чым бадзяцца. Не ведаю, наколькі гэта магчыма, але сказалі, што можна нават будзе паспрабаваць падаць на расійскае грамадзянства пасля СВА», — разважае пакуль жывы Бібікаў.
Чытайце таксама:
Навапалачанін завербаваўся ў расійскае войска і паехаў ваяваць. Цяпер яго шукае дачка