БЕЛ Ł РУС

У свеце ёсць адзінае ўнікальнае месца, адкуль вада можа патрапіць у тры акіяны

6.05.2026 / 15:12

Ідаля Салавей

На першы погляд гэта проста адна з вяршынь Скалістых гор Паўночнай Амерыкі. Але кропля дажджу або талая вада адсюль можа адправіцца ў адзін з трох акіянаў — Ціхі, Атлантычны або Паўночны Ледавіты.

Пік Трайнога Водападзелу. Фота: nps.gov

Пік Трайнога Водападзелу (Triple Divide Peak) знаходзіцца ў нацыянальным парку Глейшэр у штаце Мантана (ЗША). Як піша Live Science, яго называюць адзіным на Зямлі месцам, дзе сыходзяцца вадазборы трох акіянаў. Падобныя «трайныя водападзелы» існуюць і ў іншых частках свету, але нідзе больш гаворка не ідзе пра тры розныя акіяны адначасова.

Гара знаходзіцца на так званым Кантынентальным водападзеле Паўночнай Амерыкі — уяўнай лініі, якая праходзіць праз Скалістыя горы і раздзяляе асноўныя рачныя сістэмы кантынента. З вяршыні гары вада можа пайсці на захад праз басейн ракі Калумбія і ўрэшце апынуцца ў Ціхім акіяне. Іншы шлях вядзе праз рэкі Місуры і Місісіпі ў Атлантычны акіян. Трэці напрамак праходзіць праз раку Саскачэван і Гудзонаў заліў.

Менавіта вакол статусу Гудзонава заліва і ўзнікаюць спрэчкі паміж навукоўцамі. Частка даследчыкаў лічыць заліў часткай Атлантычнага акіяна. У такім выпадку вада з гэтай гары трапляе толькі ў два акіяны — Ціхі і Атлантычны. Аднак Міжнародная гідраграфічная арганізацыя адносіць яго да Паўночнага Ледавітага акіяна. Паводле такой класіфікацыі, Пік Трайнога Водападзелу сапраўды злучае тры акіяны.

Географы адзначаюць, што акрамя Піку Трайнога Водападзелу ў Паўночнай Амерыцы ёсць яшчэ адна вяршыня, вада з якой можа трапіць у тры розныя басейны. Гэта Снежны купал (Snow Dome) у Канадзе. З яго схілаў вада можа накіравацца ў Ціхі акіян праз раку Калумбія, у Паўночны Ледавіты акіян — праз раку Макензі, або ў Гудзонаў заліў — праз раку Нэльсан.

І калі лічыць Гудзонаў заліў часткай Атлантычнага акіяна, менавіта Снежны купал, а не Пік Трайнога Водападзелу, будзе адзіным месцам на Зямлі, якое злучае тры акіяны.

Абедзве вяршыні размешчаныя таксама на скрыжаваннях іншых буйных водападзелаў. Акрамя Кантынентальнага, Пік Трайнога Водападзелу знаходзіцца яшчэ і на Лаўрэнційскім водападзеле, які аддзяляе басейн Гудзонава заліва на поўначы ад басейна Мексіканскага заліва на поўдні. Снежны купал, у сваю чаргу, ляжыць на Арктычным водападзеле, што раздзяляе воды Паўночнага Ледавітага акіяна і Гудзонава заліва.

Для турыстаў гэта проста маляўнічы горны раён з ледавікамі і азёрамі. Але для географаў і гідролагаў гэтыя месцы — сапраўдныя «гідралаічныя скрыжаванні» планеты, дзе адна кропля можа адправіцца ў падарожжа да трох розных акіянаў.

Чытайце таксама:

Акіян за некалькі дзён змяніў аблічча аднаго з самых вядомых пляжаў Ісландыі

У Беларусі ёсць дзве ракі, па плыні якіх можна даплысці ў Санкт-Пецярбург і Эстонію. Што за яны? 

Зеландыя: кантынент, які амаль цалкам схаваны пад вадою

Каментары да артыкула