У Мінску адбыўся абвал у жылым доме
Па словах відавочцаў, у 4‑м пад’ездзе панэльнага дома на вуліцы Баграціёна абваліліся падлога і частка сцяны перад лесвічным маршам. Зараз на месцы працуюць супрацоўнікі МНС і камунальных службаў, піша «Анлайнер».
Пад’езд часова перакрыты з боку двара — праход загарадзілі плітамі ДВП. Усярэдзіну жыльцоў пускаюць толькі праз другі выхад, бо пад’езд скразны. На месцы заўважаны супрацоўнікі ЖКГ, а таксама рабочыя з бензапілой.
Пры гэтым у самім доме абстаноўка застаецца спакойнай — эвакуацыю людзей пакуль не праводзяць. У вокнах гарыць святло, жыльцы знаходзяцца дома, панікі няма. Многія мінакі нават не падазраюць пра здарэнне.
Афіцыйных каментарыяў пра прычыны абвалу пакуль няма.