БЕЛ Ł РУС

«Беларуская Барбі» Кацярына Коба выйшла замуж у Швейцарыі. Імаверна, за таямнічага расійскага мультымільянера

7.05.2026 / 20:25

Nashaniva.com

37‑гадовая былая мадэль, а цяпер блогерка Кацярына Коба старанна хавае свайго каханага.

Кацярына Коба. Фота з яе інстаграма

Нарадзілася Кацярына ў Мурманску. Але калі дзяўчынка была маленькай, яе бацькі развяліся, і маці з дзвюма дочкамі прыехала ў Мінск.

У 2010‑х Кацярына Коба была значнай асобай у беларускім бамондзе. Яна была паспяховай мадэллю, мела сотні тысяч падпісчыкаў у інстаграме і вяла перадачы на тэлебачанні — спачатку на «Беларусь 1», потым на «БелМузТБ».

Кацярына Коба працавала вядучай у пары з Арцёмам Рыбакіным

Знялася Кацярына і ў першай версіі кліпа Макса Каржа на песню «Небо поможет нам». Ды і сама паспрабавала запісаць жартаўлівую песню «Штучка».

Мініяцюрная бландзінка так нагадвала знакамітую ляльку, што яе пачалі зваць «Беларускай Барбі». Коба паспяхова выкарыстоўвала гэта — нават запусціла ўласны сайт Barbie.by.

Кацярына была замужам за бізнэсменам Віталем Гамзовічам — той займаўся аўтазапчасткамі. У сям’і нарадзіўся сын.

Але ў нейкі момант інстаграмная карцінка прыгожага кахання змянілася — патрохі з сацсетак мадэлі зніклі агульныя здымкі з Віталём. А ў 2018 годзе Кацярына прызналася, што паспела развесціся. Калі гэта дакладна адбылося — невядома.

Першае вяселле Кацярыны Кобы

Паступова Коба знікла з беларускага бамонду. Здаецца, апошняя хвіліна славы была ў Кацярыны ў 2020 годзе. Тады яна трапіла ў міжнародныя СМІ праз абсурдную сітуацыю. У разгар пандэміі Кацярына пачала распавядаць, быццам бэйджык на яе шыі бароніць ад вірусаў. Казала, што такі блакатар складана дастаць, ёй жа цуда-абарону падарыў сябар.

Кацярына Коба і яе «блакатар вірусаў». Калаж з сайта nevsedoma.com.ua

У хуткім часе высветлілася, што такі «блакатар вірусаў» прадаецца нават на кітайскіх сайтах — і, вядома, ні ад якіх вірусаў не ратуе. Коба ў выніку выбачалася за памылку.

Апошнія гады Кацярына Коба жыве ў Швейцарыі. Яна мае ўласны брэнд адзення — у асноўным, гэта спартовыя касцюмы для заняткаў ёгай. Афлайн гэта ўсё можна набыць у крамах у Мінску і Маскве.

Кацярына адпачывае ў дарагіх гатэлях, бавіць час на Мальдывах і дэманструе брэндавыя рэчы кшталту сумачкі Chanel.

На інстаграм Кацярыны падпісана 440 тысяч чалавек. Нядаўна яна падзялілася с падпісчыкамі шчаслівай навіной: апублікавала відэа, у якім яна ў белай сукенцы надзявае сабе на безназоўны палец правай рукі заручальны пярсцёнак.

«Самы шчаслівы і хвалюючы дзень», — падпісала рылз Коба.

Рабіць святочны макіяж нявесце прылятала яе сяброўка з Мінска — знакамітая беларуская цырульніца-візажыстка Кацярына Сыцэвіч. Яна таксама папулярная блогерка, мае 114 тысяч падпісчыкаў у інстаграме.

На сценах пакояў, дзе Кацярына здымала відэа, можна пабачыць знакаміты фотаздымак брытанскай фатографкі і рэжысёркі Заны Брыскі (яна вядомая як аўтарка фотапраектаў пра дзікую прыроду, а таксама як сустваральніца дакументальнага фільма «Народжаныя ў бардэлях»), а яшчэ карціну, якую, імаверна, напісаў мастак Майк Даргас (адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў сучаснага нямецкага гіперрэалізму).

Улічваючы, што на заднім фоне шмат мужчынскага адзення, здымкі адбываліся ўсё ж не ў гатэлі. А, хутчэй за ўсё, у доме чалавека, які любіць і цэніць мастацтва.

На пытанні, хто ж жаніх, Кацярына падпісчыкам адказваць не стала. Адна з падпісчыц напісала: «Назіраю за вамі з часоў Віталіка, увесь гэты час вы былі адна?». Адказала сяброўка Кобы: «Увесь гэты час яна была з найлепшым мужчынам, за якога выйшла замуж». Кацярына гэты каментар лайкнула.

Каментатары не паленаваліся пайсці і ў інстаграм першага мужа Кацярыны, каб паведаміць пра яе вяселле. Віталь адказаў: «Кацюша ўжо сем гадоў замужам, учора была проста фармальная частка іх цудоўных адносін».

Свайго каханага Коба старанна хавае. Адзінае, што яна сабе дазволіла — апублікаваць іх супольны шарж, намаляваны падчас Актоберфэсту.

Аднак некалькі дэталяў паказваюць, што новым мужам можа быць расійскі мільянер Аляксандр Смузікаў.

54‑гадовы Аляксандр Смузікаў прынцыпова не дае інтэрв’ю. Здаецца, аднойчы толькі ён зрабіў выключэнне для Forbes і пісьмова адказаў на некалькі іх пытанняў. У 2013 годзе Смузікаў трапіў у спіс самых багатых бізнэсменаў Расіі — на 169 месца. Тады, па падліках часопіса, у яго было 600 мільёнаў даляраў.

Доўгі час нават здымкаў мільянера знайсці было немагчыма — журналісты не змаглі адшукаць іх нават у былых партнёраў бізнэсмена.

Але ўсё ж некалькі фота трапілі ў інтэрнэт — і ўсё дзякуючы хобі Аляксандра Смузікава. Ён вельмі любіць паляванне, таму з незвычайнымі трафеямі кшталту бегемота пазіраваць гатовы.

Аляксандр Смузікаў

Яшчэ адно захапленне Смузікава — мастацтва. Ён адзін з найбуйнейшых калекцыянераў рускага авангарду.

Працы Марка Шагала таксама ёсць у калекцыі расійскага бізнэсмена. Дарэчы, яны сёлета выстаўляліся ў Ташкенце — Смузікаў час ад часу дазваляе музеям экспанаваць карціны.

Таксама пра Аляксандра пішуць як пра мецэната, які падтрымлівае маладых мастакоў.

А яшчэ ён актыўна купляе ўнікальныя кнігі для сваёй бібліятэкі.

Як жа Аляксандр зарабіў шалёныя грошы? Forbes пачынае расповед пра жыццёвы шлях Смузікава з таго, што ў 1989 годзе (Аляксандр нарадзіўся ў Екацерынбургу, а тады якраз скончыў школу ў Маскве) яго асудзілі на тры гады за рабаванне — хлопец сарваў футравую шапку з чалавека. Тады такія шапкі дорага каштавалі. Наступная судзімасць была за захоўванне зброі.

У сярэдзіне 1990‑х Смузікаў стаў партнёрам гандляра нафтапрадуктамі Аляксандра Красналобава. Іх кампанія «Традэкс» займалася няхітрым бізнэсам, які азалаціў дзясяткі людзей, звязаных з постсавецкімі ўладнымі элітамі: купляла нафту, аддавала яе на перапрацоўку НПЗ Расіі, Украіны і Беларусі, а нафтапрадукты прадавала на Захад.

Першым пунктам сапраўднага поспеху Смузікава часопіс называе 2008 год — тады бізнэсмен правярнуў буйную здзелку і даволі ўдала прадаў сетку аўтазаправак кампаніі TНК-BP.

Смузікаў крайні справа

Цяпер, як пішуць СМІ, Аляксандр жыве ў Швейцарыі ў горадзе Санкт-Гален. Акрамя расійскага, ён мае ізраільскі пашпарт.

У 2023 годзе ўкраінскія СМІ, якія называюць Смузікава набліжаным да расійскай улады алігархам, пісалі, што той спрабуе атрымаць грамадзянства Партугаліі (падаў дакументы ў 2020 годзе).

Пра тое, якім бізнэсам займаецца цяпер Аляксандр, вядома няшмат. Летась, напрыклад, паведамлялася, што ён адзін з найбуйнейшых гульцоў на рынку мікракрэдытаў у Расіі.

Чуткі пра раман з Кацярынай Кобы і Аляксандра Смузікава хадзілі не адзін год. Але ўсе доказы іх адносін ускосныя.

Кацярына Коба старанна хавае свайго мужчыну

Напрыклад, Кацярына Коба дзялілася ў інстаграме кадрамі з таго самага Санкт-Галена. Летась яна ў Швейцарыі сустракалася са сваёй сяброўкай — тая таксама публікавала відэа з гэтага не самага папсовага турыстычнага горада.

У Кацярыны ёсць свой брэнд адзення. Згодна з данымі сайта rusprofile.ru, зарэгістравана яе ІП у Расіі ў Цвярской вобласці, Канакоўскім раёне, у маляўнічай вёсцы Едзімонаўскія Горкі.

Там жа зарэгістраваны паляўнічы клуб «Кжацкія прасторы», які належыць Аляксандру Смузікаву.

Дарэчы, Кацярына перыядычна рэкламуе ў інстаграме базу адпачынку «Едзіманава віладж», якая знаходзіцца ў той самай вёсцы, што стаіць у верхавінах Дзвіны. Падобна, што і ўладальнікам базы з’яўляецца Смузікаў — бо «Едзіманава віладж» звязаная з адной з яго кампаній.

Кацярына Коба не адзін год піярыць базу адпачынку «Едзіманава віладж»

У інтэрнэце можна знайсці інфармацыю, што Аляксандр Смузікаў быў жанаты — і ў шлюбе нарадзілася трое дзяцей, але, калі верыць крыніцам, афіцыйна ён даўно аформіў развод.

У інстаграме Кацярына і яе сын Цімур падпісаныя на сына Смузікава.

Чытайце таксама:

Украінская мадэль згуляла з грузінскім бізнэсменам вяселле ў Канах на 5 мільёнаў еўра. Вядучымі былі Яўген Перлін і Максім Галкін

Выгнаў жонку зімой на вуліцу, забраў малую дачку: дэталі разводу касманаўта Алега Навіцкага, які, здаецца, цяпер ажаніўся з Васілеўскай

Наталля Падольская зладзіла вяселле ў другі раз. У госці прыйшлі Z-артысты і нават Пяскоў

Каментары да артыкула