Жанчына з інваліднасцю з Гомеля, якой некалі дапамагала Алексіевіч, выйшла на свабоду пасля палітычнага тэрміну
Наталлю Васіленка пасадзілі ў канцы 2024 года за «паклёп» на Лукашэнку і за «дыскрэдытацыю» Беларусі.
Наталля Васіленка ў 2017-м. Фота: «Радыё Свабода»
Стала вядома пра вызваленне 51‑гадовай Наталлі Васіленка з Гомеля.
Пра яе шмат пісалі ў канцы 2010‑х — тады жанчыну з трэцяй групай інваліднасці, якая праз медыцынскія абмежаванні не магла больш працаваць на будоўлі, збіраліся выселіць з жылля за даўгі. Пасля розгаласу ад Наталлі адчапіліся, а пагасіць даўгі ёй дапамагла Святлана Алексіевіч.
У канцы 2024 года Наталлі Васіленка выставілі абвінавачванне ў «паклёпе» на Лукашэнку і «дыскрэдытацыі» Беларусі. Нейкі час жанчына чакала суда дома, але ўрэшце яе забралі ў СІЗА.
Наталлі Васіленка прысудзілі каля 1,5 года зняволення. Нядаўна яна выйшла на свабоду, цалкам адбыўшы прызначаны тэрмін.