У беларускім чэмпіянаце футбаліст забіў гол з вуглавога «сухім лістом» ВІДЭА
У матчы чэмпіяната Беларусі паміж «Баранавічамі» і дзяржынскім «Арсеналам» гулец «Арсенала» Дзмітрый Анцілеўскі забіў прыгожы гол, падаючы мяч з вуглавога.
На 39‑й хвіліне матча Анцілеўскі падаваў мяч у штрафную з вуглавога, і той, нікога з гульцоў не крануўшыся, неспадзявана заляцеў у дальні вугал варот.
Такі ўдар у футболе звычайна называюць «сухі ліст». Гэта легендарны футбольны прыём, пры якім мяч пасля ўдару ляціць па складанай дузе, круціцца вакол сваёй восі і ў канцы рэзка апускаецца ў вароты. Сваю назву ён атрымаў за падабенства траекторыі з тым, як падае на зямлю сухое лісце: здаецца, што мяч ляціць міма або вышэй, але ў апошні момант яго «прыбівае» да зямлі.
Гэты ўдар лічыцца адным з самых складаных для брамнікаў, бо вызначыць пункт прызямлення мяча практычна немагчыма да самага апошняга моманту.
Калісьці яшчэ ў савецкія часы гэты прыём быў сапраўднай візітоўкай гульца кіеўскага «Дынама» Валерыя Лабаноўскага, які пасля яшчэ больш праславіўся як сусветна вядомы трэнер. Сусветным жа яго першапачынальнікам лічыцца бразільскі футбаліст Дзідзі, які гуляў у 1950 — 1960‑я гады.
Чытайце таксама:
Шакіра прадставіла афіцыйную песню мундыялю-2026
Adidas апране беларускіх футбалістаў. Што кажуць у кампаніі?
Петыцыя, якая заклікае «Рэал» разарваць кантракт з Мбапэ, набрала больш за 12 млн подпісаў