Тры турысты загінулі ў Інданезіі падчас вывяржэння вулкана, 20 прапалі без вестак
На інданезійскім востраве Хальмахера адбылося вывяржэнне вулкана Дукона, у выніку якога загінулі як мінімум тры турысты. 20 чалавек прапалі без вестак.
Сярод загінулых — двое грамадзян Сінгапура і адзін жыхар Інданезіі. Паводле паведамленняў, яны знаходзіліся ў раёне вулкана падчас вывяржэння.
Вывяржэнне адбылося раніцай 8 мая. Вулкан выкінуў слуп попелу на вышыню больш за 10 кіламетраў.
Ратавальнікі ўжо эвакуявалі 14 чалавек, пяцёра з іх атрымалі траўмы. Група з 20 чалавек да гэтага часу не выходзіць на сувязь.
У іх пошуках удзельнічаюць дзясяткі супрацоўнікаў экстранных службаў. Пошукавыя работы працягваюцца, аднак іх ускладняе высокая вулканічная актыўнасць і небяспечныя ўмовы ў раёне здарэння.
Улады краіны ўжо забаранілі мясцовым жыхарам і турыстам набліжацца да вулкана ў радыусе 4 кіламетраў, а таксама рэкамендуюць надзяваць маскі для абароны ад вулканічнага попелу.
Вулкан Дукона — адзін з самых актыўных вулканаў не толькі ў Інданезіі, але і ў свеце. Ён знаходзіцца на поўначы вострава Хальмахера ў правінцыі Паўночнае Малуку. Яго ўнікальная асаблівасць заключаецца ў тым, што ён вывяргаецца амаль бесперапынна ўжо на працягу дзесяцігоддзяў. Гэта не спячы гігант, а «кацёл» у пастаяннай працы, які выкідвае попел і газы. Вывяржэнні працягваюцца з 13 жніўня 1993 года па цяперашні час.
Дукона — стратавулкан конусападобнай формы, складзены пластамі лавы і попелу, вышынёй каля 1087 метраў над узроўнем мора. У вулкана ёсць два актыўныя кратары — Малупанг і Варыранг. З канца сакавіка 2026 года актыўнасць рэзка ўзрасла. Зараз вулкан знаходзіўся на II узроўні небяспекі па чатырохузроўневай інданезійскай шкале.
Чытайце таксама:
На Камчатцы фактычна паўтарылася гісторыя з перавала Дзятлава. Толькі гэтым разам загінулі не ўсе
У гэтым вулкане тэмпература ніколі не падымаецца вышэй за нуль. Як такое можа быць?