Расійскі футбаліст памяняў грамадзянства, каб згуляць на чэмпіянаце свету. Але не фартанула
ФІФА не дазволіла брамніку нарвежскага клуба «Будзё-Глімт» Мікіту Хайкіну выступаць за зборную Нарвегіі. Такім чынам ён, найверагодней, не згуляе на чэмпіянаце свету 2026 года.
Мікіта Хайкін
Раней Хайкін падаў заяўку на змену спартыўнага грамадзянства — з расійскага на нарвежскае. У красавіку ён атрымаў пашпарт Нарвегіі, а ў мясцовай зборнай разлічвалі на яго перад мундыялем.
Аднак ФІФА адхіліла заяўку Хайкіна. Прычына — правілы міжнароднай федэрацыі патрабуюць пяці гадоў бесперапыннага жыцця ў краіне для змены футбольнай асацыяцыі, калі ў гульца няма факту нараджэння або сямейных каранёў у гэтай дзяржаве.
Хайкін жыў у Нарвегіі з 2019 года, але ў 2023‑м ненадоўга пераязджаў у англійскі «Брыстоль Сіці». Пасля вяртання ў Нарвегію адлік пяцігадовага тэрміну, паводле правіл ФІФА, пачаўся наноў.
У выніку брамнік зможа атрымаць права гуляць за нарвежскую зборную толькі ў 2028 годзе.
30‑гадовы Хайкін нарадзіўся ў Ізраілі, вырас у Расіі, а таксама ён мае англійскае грамадзянства. Раней займаўся ў акадэміях маскоўскага «Дынама», а таксама англійскіх клубаў «Чэлсі», «Портсмут» і «Рэдынг».
У апошнім сезоне галкіпер ярка праявіў сябе ў Лізе чэмпіёнаў у складзе «Будзё-Глімта». Нарвежскі клуб сенсацыйна дайшоў да плэй-оф і выбіў з розыгрышу міланскі «Інтэр».
Нарвежская футбольная асацыяцыя пакуль працягвае кансультацыі з ФІФА і можа падаць апеляцыю.
Чытайце таксама:
Шакіра прадставіла афіцыйную песню мундыялю-2026
Амерыканскі тэлеканал прапануе 50 тысяч даляраў за прагляд усіх матчаў чэмпіянату свету па футболе
Галкіпер зборнай Мексікі паедзе на шосты чэмпіянат свету па футболе
ФІФА не плануе замяняць зборную Ірана на чэмпіянаце свету па футболе