БЕЛ Ł РУС

У цэнтры Мінска з'явіліся цагляныя «катэджы». Для каго?

9.05.2026 / 08:03

Nashaniva.com

Адна з галоўных пляцовак для весялосці ў Мінску мяняе сваё аблічча. Да драўляных домікаў-хатак, што сталі ўжо звыклымі і пасяліліся каля Палаца спорту, дадаліся больш грунтоўныя «катэджы». Імітацыя цэглы, ахоўныя навесы, панарамныя вокны — так выглядаюць новыя, салідныя, канструкцыі. «Апгрэйд» невыпадковы: з пачатку вясны тэрыторыя ў цэнтры горада перажывае новы этап рэканструкцыі, піша Onliner.by.

Яшчэ ў сакавіку знаёмая ўсім пляцоўка была перакапана уздоўж і ўпоперак. Рабочыя займаліся добраўпарадкаваннем фантана і тэрыторыі каля яго, высаджвалі туі і абяцалі парадаваць гараджан чымсьці асаблівым.

Сёння ўжо ясна, што асаблівае — гэта новыя павільёны, якія адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў. Для каго гэтыя домікі? Для нас з вамі. У памяшканнях размесцяцца папулярныя пункты грамадскага харчавання, пад навесамі схаваюцца столікі.

Само сабой, выдзеляць плошчы для гандлю сувеніркай — знайсці яе можна будзе ў павільёне «Родны мерч».

«Таксама тут будзе размешчаны філіял інфармацыйна-турыстычнага цэнтра, дзе кожны госць сталіцы зможа атрымаць поўную інфармацыю аб турыстычным патэнцыяле і турыстычных маршрутах у Мінску і за яго межамі», — распавёў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» дырэктар КУП «Мінская спадчына» Аляксандр Яцко.

Афіцыйнае адкрыццё абноўленай пляцоўкі запланавана на 30 мая ў рамках летняга музычна-турыстычнага сезона. У праграме анансуюць кінапаказы, інтэрактыўныя квізы і квэсты, а таксама дыджэй-сеты ад беларускіх радыёстанцый.

Зрэшты, ужо сёння, 9 мая, пляцоўка, дзе традыцыйна праводзяцца ўсе важныя гарадскія мерапрыемствы, гатова прыняць усіх-усіх-усіх.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула