У новым урадзе Венгрыі будзе невідушчы міністр — які ўжо стаў майстрам айкідо і юрыстам
Гісторыя Вілмаша Катаі-Немета.
Фота: Janos Kummer/Getty Images
Лідар партыі-пераможцы венгерскіх выбараў Петэр Мадзьяр ужо прадставіў кандыдатуры міністраў свайго новага ўрада, і адным з найбольш яркіх кандыдатаў стаў Вілмаш Катаі-Немет, які павінен узначаліць новастворанае Міністэрства сацыяльнай палітыкі і сям'і, піша «Суспільне».
Асаблівасць Катаі-Немета — апроч таго, што ён адзіны ў краіне майстар айкідо, — у тым, што ён практычна не бачыць. У 16 гадоў мужчына страціў 97% зроку праз спадчынную хваробу — атрафію сятчаткі. Аднак гэта не перашкодзіла яму ні пастаянна працаваць, ні атрымаць адукацыю юрыста, ні стварыць сям’ю і нарадзіць дзяцей.
Майстар айкідо з белым кійком
Вілмаш Немет нарадзіўся ў горадзе Дзьёр на захадзе ад Будапешта. Аднак яшчэ калі ён быў школьнікам, сям’я пераехала ў сталіцу. Там Вілмаш вучыўся ў школе і там жа праходзіў медыцынскія агляды праз праблемы са зрокам, якія праявіліся яшчэ ў дзяцінстве. Высветлілася, што Немет мае спадчыннае захворванне — атрафію сятчаткі вачэй. Да 16 гадоў ён праз гэта страціў 97% зроку.
«Мне выпала жыць у свеце, цудоўны інструмент для ўзаемадзеяння з якім я страціў. Давялося адмовіцца ад пратаптанай сцежкі дзеля непратаптанай, — расказваў ён пазней. — У гэтага былі розныя стадыі. Аднойчы ў бальніцы я разважаў, ці не выкінуцца з акна шматпавярховіка. Я стаяў на падваконні і думаў: можа, лепш скочыць і пакласці канец усяму? А потым успомніў шахматную партыю, якую мне ўдалося выйграць пасля моманту, калі я быў вельмі блізкі да паразы. І я сказаў сабе: «О не, калі мне ўдалося тады, то ўдасца і цяпер».
У дзяцінстве Немет любіў баявыя мастацтвы, якімі займаўся да таго, як зрок стаў занадта слабым. Гэтыя веды пазней яму спатрэбіліся.
Аднойчы Вілмаш вяртаўся з дня нараджэння сябра, і на вуліцы на яго напалі — як ён лічыць, з-за белага кія, якім людзі з парушэннямі зроку карыстаюцца на вуліцы. Дзякуючы ўрокам баявых мастацтваў ён змог абараніцца.
Пасля гэтага Немет вярнуўся да баявых мастацтваў — у прыватнасці, да заняткаў айкідо. У 2005 годзе ён атрымаў чорны пояс па айкідо і працягваў вывучаць іншыя віды баявых мастацтваў — напрыклад, тайскі бокс. Ён дагэтуль застаецца адзіным майстрам айкідо, то-бок уладальнікам першага дана, у Венгрыі.
«Дзякуючы баявым мастацтвам я навучыўся медытаваць, па-сапраўднаму паглыбляцца ў сябе. Дзякуючы гэтаму я магу пераадольваць уласныя страхі і абмежаванні. Урэшце гэтыя выпрабаванні дапамагаюць абараніць сябе», — тлумачыў ён.
Вілмаш Немет распрацаваў сістэму самаабароны для людзей з парушэннямі зроку пад назвай «Белы меч». Гэта сістэма прыёмаў, якая дазваляе ацэньваць рост і становішча праціўніка падчас раптоўных дотыкаў, быць гатовымі неадкладна адказаць у выпадку патрэбы — і мець магчымасць утрымліваць нападніка на зямлі, клічучы на дапамогу.
Шырокую вядомасць Немет атрымаў пасля таго, як яго гісторыю паказаў тэлеканал HBO. Аднак да палітыкі і «Цісы» Вілмаш спачатку рэалізаваў сябе як масажыст, а потым у адвакатуры.
Дыплом дзеля маці
У 2007 годзе Немет атрымаў навуковую ступень па правазнаўстве ў Каталіцкім універсітэце імя Петэра Пазманя — адным з самых прэстыжных ВНУ Венгрыі. Вучыцца на юрыста ён захацеў па дзвюх прычынах. Першай стаў выпадак, калі Вілмаша з сабакам-павадыром «выкінулі з вялікай прадуктовай крамы». Ён судзіўся з уладальнікамі крамы, і справу ўрэгулявалі ў дасудовым парадку. Вілмаш Немет паведаміў, што перадаў кампенсацыю ад крамы фонду, які займаецца сабакамі-павадырамі для людзей з парушэннямі зроку.
Другой прычынай паступлення на юрыдычны факультэт стала маці Немета. Яна мела дваранскае паходжанне, што ў камуністычнай Венгрыі (асабліва ў перыяд праўлення артадаксальнага генеральнага сакратара Мацьяша Ракашы у 1948—56 гадах) было прысудам для моладзі. Дваранскі клас тады назвалі «эксплуататарскім», яго прадстаўнікі мелі афіцыйны статус «класава варожых элементаў», таму паступленне ва ўніверсітэты для іх было амаль немагчымым.
Вілмаш Немет казаў, што яго маці хацела атрымаць вышэйшую адукацыю, але не магла. Яна памерла, калі яму было 15 гадоў. Тады хвароба вачэй ужо прагрэсавала — і маці заахвочвала сына жыць актыўным жыццём, нягледзячы ні на што.
Таксама Немет ведаў пра жаданне маці атрымаць вышэйшую адукацыю. Таму ўжо дарослым ён дадаў да свайго прозвішча дзявочае прозвішча маці — «Катаі».
«Я яшчэ ў дзяцінстве пакляўся, што аднойчы да прозвішча Катаі дададуць званне доктара», — тлумачыў гэтае рашэнне Вілмаш.
Пасля атрымання вышэйшай адукацыі Катаі-Немет пачаў прыватную адвакацкую практыку, працуючы ў сферы роўных магчымасцяў. Вілмаш тлумачыў выбар сферы тым, што «ніколі не адчуваў сябе абмежаваным з-за праблем са зрокам у зале суда, але ў іншых сферах жыцця ўсё яшчэ сутыкаецца з недаступнасцю».
«Я жартаваў, што дзе не дапамагае закон — там дапамагае мой кулак, дзе не дапамагае кулак — дапамагае закон», — казаў пра сваю адвакацкую практыку Катаі-Немет HBO.
Атрыманне вышэйшай адукацыі, а пазней і ступені доктара права Катаі-Немет лічыць сваім трэцім дасягненнем у жыцці разам са ступенню майстра айкідо і працай масажыста. Нягледзячы на праблемы са зрокам, ён быў папулярны сярод кліентаў яшчэ і таму, што пра яго выходзілі дакументальныя фільмы і інтэрв’ю.
«Адзін з маіх кліентаў бачыў фільмы пра мяне. Ён найняў мяне як свайго адваката, сказаўшы: «Калі жыццё — гэта гонка, то ты пачынаеш яе за 300 метраў ззаду іншых. Але потым ты іх абганяеш»», — расказваў пра сваю практыку Вілмаш.
Перамога з вялікім адрывам
Прадстаўляючы Катаі-Немета як кандыдата на пасаду міністра сацыяльных спраў і сям’і, Петэр Мадзьяр казаў, што як чалавек з парушэннямі зроку Вілмаш «ведае пра складанасці людзей з інваліднасцю з уласнага досведу» і што «роўныя магчымасці маюць для яго першачарговае значэнне».
«Яго галоўная мэта — забяспечыць усім нашым суайчыннікам, незалежна ад месца нараджэння ці паходжання, доступ да якаснай медыцынскай дапамогі і адукацыі. Ён павінен прадстаўляць інтарэсы людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, а таксама ўмацоўваць сістэму сацыяльнай абароны і абароны дзяцей», — казаў Мадзьяр пра задачы міністра.
Катаі-Немет далучыўся да «Цісы» ў 2024 годзе. Да гэтага палітычнага досведу ён не меў. У сваёй праграме кандыдата ў парламент Вілмаш падкрэсліваў, што для яго важныя ахова здароўя, даступны транспарт і развіццё асяроддзя для сямейнага бізнэсу. Ён заяўляў, што будзе працаваць над умацаваннем малога і сярэдняга бізнесу, працаўладкаваннем людзей з інваліднасцю і гнуткімі магчымасцямі працы для бацькоў з малымі дзецьмі.
У 9‑й акрузе Будапешта ён атрымаў пераканаўчую перамогу над кандыдатамі ад іншых партый, у тым ліку Фідэс, атрымаўшы больш за 60% галасоў выбаршчыкаў.
У інтэрв’ю Deutsche Welle Вілмаш патлумачыў, што вырашыў пайсці ў палітыку праз Мадзьяра.
«Мне надакучылі 16 гадоў праўлення «Фідэс», — сказаў ён. — Яны ўсіх прыніжалі і абкрадалі».
Адной з задач Катаі-Немета таксама будзе расследаванне часткі злоўжыванняў, якія «Фідэс» дапусціў за час знаходжання пры ўладзе — у тым ліку тых, ад якіх пацярпелі дзеці.
Свой падыход да жыцця ўвогуле Вілмаш цяпер апісвае так: «Я хацеў бы пражыць жыццё так, каб нават калі памру адзін у маленькай драўлянай хаціне дзесьці далёка ў лесе — я мог бы сказаць, што жыў, а не проста пасіўна чакаў лепшых часоў».