БЕЛ Ł РУС

Марфа Рабкова: Я дакладна ведаю, у чыіх сілах дапамагчы палітвязням вярнуцца ў свае сем’і, дамы, жыцці

9.05.2026 / 14:00

Nashaniva.com

Праваабаронца, экс-палітвязень выступіла са зваротам, яго апублікаваў тэлеграм-канал «Ружовыя касынкі».

«Прывітанне, на сувязі Марфа Рабкова. На календары — май 2026 года. І я дзякую Богу за тое, што, запісваючы гэтае відэа, магу ўключыць настольную лямпу, у сваё задавальненне пачытаць кнігу і легчы спаць у цёплы ложак, ведаючы, што заўтра мне не трэба будзе прачынацца пад гук турэмнага званка», — кажа яна.

«Я дзякую Богу за тое, што заўтра змагу атрымаць асалоду ад цёплага вясновага сонца, седзячы на лаўцы ў парку з кубкам духмянай гарбаты ў руках. Слухаць шчабятанне птушак побач. Глядзець на белыя аблокі, што павольна плывуць па небе.

І я шчаслівая гэтым, здавалася б, банальным дробязям, бо яшчэ зусім нядаўна ўсё гэта было для мяне недаступным. Як і дагэтуль недаступна проста цяпер для больш як сотні жанчын, якія знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі.

І я дакладна ведаю, у чыіх сілах дапамагчы ім вярнуцца ў свае сем’і, у свае дамы, у свае жыцці. Прамы дыялог прадстаўнікоў ЗША з беларускай дзяржавай даў нам гэты шанец і ўсё яшчэ дазваляе трымаць дзверы ў нармальнасць прыадчыненымі.

За апошні год дзякуючы амерыканскаму перамоўнаму трэку свабоду атрымалі сотні людзей. Сотні сем’яў уздыхнулі з палёгкай. Сотні сем’яў атрымалі магчымасць працягнуць сябе ў дзецях. Сотні сем’яў могуць зноў узбагачаць сабой грамадства і свет у цэлым.

Я спадзяюся, што гуманітарны трэк будзе працягнуты і да яго далучыцца ўсё больш людзей добрай волі, якія таксама ўбачаць каштоўнасць у як найхутчэйшым вызваленні людзей і нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі. Бо няма нічога важнейшага за маленькае жыццё маленькага чалавека.

На двары май 2026 года. Я жывая і свабодная. Я — маленькі чалавек, чыё маленькае жыццё было выратавана», — зазначае Марфа Рабкова.

***

Каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова правяла за кратамі пяць з паловай гадоў, яна выйшла на волю 19 сакавіка 2026 года. Яна была асуджаная на 14 гадоў і 9 месяцаў паводле некалькіх артыкулаў. За час утрымання пад вартай яшчэ да суда ў Марфы памерлі бабуля і бацька, назіраліся праблемы са здароўем. Следчыя неаднаразова прапаноўвалі ёй супрацоўніцтва: за прызнанне віны ёй абяцалі змяніць меру стрымання і адпусціць да хворых бацькоў. Але Марфа заставалася прынцыповай у сваёй пазіцыі. Сваю віну яна не прызнала.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула