Грузінскія ўлады з 2019 года адхілілі ўсе 80 разгледжаных хадайніцтваў беларускіх грамадзян аб наданні прытулку
У першым квартале 2026 года з Грузіі было выслана восем грамадзян Беларусі (рэкорд), у тым ліку 2 жанчыны.
Будынак парламента ў Тбілісі. Фота: John Elk III / Getty Images
Грузінскія ўлады з 2019 года адхілілі ўсе 80 разгледжаных хадайніцтваў беларускіх грамадзян аб наданні прытулку, вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу даных мясцовай паліцыі.
У першым квартале 2026 года адмову атрымалі двое мужчын (ва ўзросце ад 26 да 40 гадоў і ад 41 года да 65 гадоў).
У 2025 годзе Грузія адмовіла ў прытулку 22 грамадзянам Беларусі, у т.л. пяці непаўналетнім. Рэкордным стаў 2024 год — 50 адмоваў, у т.л. 12 непаўналетнім.
Адзін грамадзянін Беларусі (ва ўзросце ад 41 да 65 гадоў) у першым квартале 2026 года падаў заяўку на атрыманне прытулку ў краіне.
З 2019 года такіх хадайніцтваў ад беларусаў было зарэгістравана 91. Найбольш іх было ў 2024 годзе — 40; ў 2025‑м — 9.
У першым квартале з Грузіі было выслана восем грамадзян Беларусі (рэкорд), у тым ліку 2 жанчыны. Беларускія праваабаронцы маюць намер высветліць, ці ідзе гаворка аб прымусовай дэпартацыі або добраахвотным выездзе пасля прадпісання, а таксама ў якія краіны высылаюць суайчыннікаў.
У 2025 годзе грузінскія ўлады зрабілі больш жорсткім міграцыйнае заканадаўства — пасля таго як у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў-2024 і згортвання курсу на збліжэнне з Еўрасаюзам узялі ўдзел замежнікі, найперш грамадзяне Расіі. Падчас аднаго з разгонаў быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі (пазней вылецеў у Літву).
Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі праводзіць бесперапынныя рэйды па выяўленні нелегалаў, у тым ліку абыходзячы кватэры. Да беларусаў, паводле звестак «Позірку», заходзілі таксама. Мясцовыя СМІ і актывісты дыяспар паведамлялі аб выдварэнні замежнікаў з надуманых падставаў.
У лютым 2026 года прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ паведаміў, што дазвол на жыхарства ў краіне маюць 3.738 беларускіх грамадзян. Ён жа раскрыў планы выслаць на працягу года 4 тыс. нелегалаў, што ўтрая больш, чым было дэпартавана летась (1.311).