«Я думаў, мяне не можа нічога здзівіць». На фудкорце ў мінскім ГЦ зрабілі платныя сталы
Карыстальнік Threads падзяліўся фотаздымкам з гандлёвага цэнтра Diamond City ў Мінску, на фудкорце якога, як вынікае з адпаведнай таблічкі, цяпер платныя сталы.
Фота: i_am_dzmitry / Threads
«Я думаў, мяне не можа больш нічога здзівіць. А не. Мяне здзівілі платныя сталы на фудкорце», — падзяліўся ўражаннямі беларус.
Арэнда стала ў буднія дні каштуе 1 рубель за гадзіну, а «востраў» абыдзецца ў 6 рублёў. У выхадныя дні цэны павялічваюцца ўдвая.
«Так можна столькі платных паслуг прыдумаць, таму што «вельмі грошы патрэбны»:) Напрыклад, на стадыёне падчас матчу 5 туалетных кабінак бясплатных, а 7 платных )) А потым пытанне, чаму натоўпы і чэргі», — абураецца аўтар.
«Гэта што, значыць, можна арандаваць стол, дастаць сваю ежу з напоямі і сядзець? Тыпу, там можна нават дзень нараджэння адсвяткаваць са сваім?» — падымаюць стаўкі каментатары.
Аднак былі і карыстальнікі, што паставіліся да новаўвядзення з поўным разуменнем.
«Там часам столькі людзей, што сесці няма дзе. Два рублі за гадзіну з задавальненнем заплачу за камфорт без таўкатні і людзей з падносамі, якія снуюць міма», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
«Як ні зойдзеш на фудкорт любога ГЦ — сядзяць падлеткі за пустымі сталамі, нібыта сябра чакаюць. Я за гэты час паспею і сама паесці, і дзіця пакарміць, а яны ўсё чакаюць, у тэлефоны гуляючы. Тым часам астатнія людзі ходзяць з падносамі і не ведаюць, куды прысесці паесці. Пастаянна гэтая сітуацыя!» — пракаментавала дзяўчына ў Threads.