Лукашэнка праігнараваў сённяшнія ўрачыстасці ў Мінску
Яго зварот пад дажджом прачытаў Аляксандр Турчын.
Аляксандр Лукашэнка другі год запар не з’явіўся на ўрачыстасцях, прысвечаных Дню дзяржаўных сцяга, герба і гімна. Замест яго віншавальнае слова на плошчы Дзяржаўнага сцяга зачытаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, які агучваў зварот па-беларуску.
Адсутнасць Лукашэнкі на гэтым мерапрыемстве становіцца тэндэнцыяй: калі раней ён наведваў яго штогод, то летась таксама абмежаваўся пісьмовым пасланнем.
Учора Лукашэнка вярнуўся з Масквы, дзе ён прысутнічаў на парадзе, а потым быў і на мерапрыемстве ў Мінску.
Цэнтральнай падзеяй для прапаганды сёння стала шэсце з 500‑метровым сцягам па сталіцы. Сцяг вагою каля 400 кг неслі 800 прызначаных чалавек — спартсмены, дзеячы культуры і прадстаўнікі дзяржаўных СМІ. Выраб замовілі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і «Белая Русь» на дзяржаўным прадпрыемстве «Магатэкс».