БЕЛ Ł РУС

«Вось я сваіх дзяцей вывез»: лідар «Народнай грамады» Вільскі ўпікнуў Бабарыку за сына ў турме

10.05.2026 / 20:45

Nashaniva.com

«То-бок вы гатовы нашкодзіць свайму сыну, так?» — спрабаваў падлавіць ён Бабарыку. Той не павёўся.

У віленскім «Замку» адбылася сустрэча беларусаў з Віктарам Бабарыкам. Паслухаць палітыка і задаць яму пытанні сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.

Адным з ахвотных пагаварыць быў старшыня «Народнай грамады» Яўген Вільскі.

Яўген Вільскі. Фота «Радыё Рацыя»

Ён прыйшоў з шматхадовай нарыхтовачкай — пачаў здалёку, настолькі здалёку, што яго рытарычнае пытанне выклікала смяшкі ў аўдыторыі:

— Ці лічыце вы, што беларускі рэжым здольны на беззаконне і подласць ці гэта ўсё ж прававая дзяржава?

Бабарыка адзначыў, што ў Беларусі прававы дэфолт, ды і пра правы чалавека казаць немагчыма. А яшчэ папрасіў удакладніць, які сэнс Вільскі ўкладае ў паняцце «подласць».

Той паспрабаваў сысці ад адказу — маўляў, як разумееце, так і тлумачце. Але ў выніку ўсё ж здаўся:

— Ці можа рэжым зрабіць штосьці, каб прымусіць чалавека нешта рабіць, неправавымі метадамі?

Віктар Бабарыка ўдакладніў, што лічыць гэта не подласцю, а парушэннем правоў чалавека. І пагадзіўся з тым, што рэжым сапраўды гэта робіць.

Тады Яўген Вільскі нарэшце перайшоў да галоўнай часткі сваіх схаваных абвінавачванняў:

— Ваш сын зараз знаходзіцца ў закладніках у турме. Гэта кручок рэжыму. І вы зараз адказалі, што рэжым можа прымаць нейкія дзеянні незаконныя. То-бок у любы момант ваша сына могуць… Вось я сваіх дзяцей вывез. [Таму] я не баюся. Але тым не менш нават да маіх далёкіх сваякоў прыйшлі. Мінімум, што яны ўсе пазбавіліся працы. То-бок рэжым па-калгаснаму, дробязна помсціць усім.

Далей Вільскі падкрэсліў, што Бабарыка, які мае сына ў турме, чамусьці спакойна выступае ў Еўропе — і вось сёння прыехаў на сустрэчу, арганізаваную «экстрэмісцкай» арганізацыяй «Дапамога»

— То-бок вы не баіцеся. Такое пытанне: чаму рэжым Лукашэнкі, адпаведна, рэжым праз яго Пуціна, не лічыць вашу дзейнасць такой небяспечнай, каб вось так спакойна дапускаць, каб вы ездзілі, там расказвалі, у нечым удзельнічалі?

Бабарыка адрэагаваў спакойна:

— Чаму рэжым робіць тое, што робіць, гэта трэба пытацца не ў мяне, а ў рэжыму. Гэта раз. Другое, вы самі сказалі, у рэжыму ёсць закладнік. Трэцяе, кожны выбірае сам тую ступень небяспекі і тую ступень паводзін, якую ён сабе можа дазволіць. Я выбіраю тую, якую я выбіраю.

— То-бок вы гатовы нашкодзіць свайму сыну, так?

Апошняя рэпліка Вільскага выклікала бурнае незадавальненне публікі.

Бабарыка ж дадаў:

— Я адказаў на вашае пытанне так, як адказаў. Я выбудаваў сваю сістэму бяспекі і тую мяжу, якую я магу зрабіць. Чаму і якая яна — гэта ўжо іншая гісторыя.

Раздаліся гучныя апладысменты. Вільскі, які выглядаў пакрыўджаным на ўвесь свет, застаўся сядзець да самага канца — але моўчкі.

Чытайце таксама:

У Віктара Бабарыкі нарадзіўся ўнук. Яго назвалі ў гонар дзеда

Ціханоўская, Бабарыка і Калеснікава разам спелі на 75‑годдзі Уладзіміра Цэслера

Губарэвіч спрабуе ўзяць Бабарыку на слабо: «Ёсць апасенні, што не атрымаецца пераадолець прахадны бар’ер на выбарах у КР?»

Бабарыка заявіў, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду

Каментары да артыкула