Прэм'ер Індыі заклікаў грамадзян ашчаджаць паліва і не купляць золата
Індыя аказалася на парозе маштабнага паліўнага крызісу з-за войнаў у Іране і блакавання Армузскага праліва.
Прэм’ер-міністр краіны Нарэндра Модзі заклікаў грамадзян максімальна скараціць выкарыстанне бензіну і дызельнага паліва, піша Bloomberg.
Прэм’ер лічыць, што досвед Covid-19 будзе карысным. Праца з дому зноў становіцца прыярытэтам, і такі рэжым дазволіць разгрузіць дарогі. Анлайн-сустрэчы павінны замяніць асабістыя камандзіроўкі.
Паводле даных Bloomberg, улады ўжо рэалізуюць план дзеянняў для змякчэння наступстваў крызісу. Бізнэс пакутуе ад дэфіцыту газу, бо рахункі за нафту становяцца занадта вялікімі. Федэральны кабінет міністраў ужо ўхваліў праграму фінансавай дапамогі. На падтрымку авіякампаній і прадпрыемстваў выдзелілі 1,9 мільярда даляраў ЗША. Грошы пойдуць на гарантаванне крэдытаў.
Абмежаванні датычацца не толькі паліва. Модзі звярнуўся да індыйцаў з незвычайнай просьбай, заклікаўшы не купляць золата без крайняй неабходнасці. Валюта павінна заставацца ўнутры дзяржавы.
Таксама прэм’ер просіць устрымацца ад дарагіх вяселляў, а замежныя адпачынкі лепш адкласці. Замест падарожжаў у Еўропу ці Азію індыйцам раяць выбіраць унутраны турызм.
Гэта дапаможа захаваць валютныя рэзервы, якія цяпер знаходзяцца пад вялікім ціскам.
Індыя— трэці ў свеце імпарцёр нафты, і эканоміка краіны надзвычай залежыць ад цэн на энергарэсурсы. Кожныя 10% росту кошту барэля нафты б’юць па эканамічных паказчыках. Гэта зніжае тэмпы эканамічнага росту на 15 базісных пунктаў. Інфляцыя пры гэтым павялічваецца на 30 базісных пунктаў.