На дзяржаўным тэлебачанні анансавалі фільм пра грамадзяніна Літвы, асуджанага на 15 гадоў за шпіянаж
Грамадзянін Літвы Міраславас Троцкіс (Міраслаў Троцкі) восенню 2024 года адправіўся ў Беларусь, каб наведаць сваякоў, але дадому не вярнуўся. Нядаўна яму прысудзілі 15 гадоў калоніі. Цяпер АНТ разам з КДБ пакажуць кіно пра яго.
Міраславасу Троцкісу 35 гадоў. Ён жыў у Вільні. З адкрытых крыніц вядома, што літовец меў цесныя сувязі з Беларуссю. І яшчэ з маладога ўзросту часта ездзіў у Беларусь.
Увосень 2024 года мужчына чарговы раз паехаў у Беларусь, каб наведаць блізкіх. Падчас гэтай паездкі яго і затрымалі.
Суд над літоўцам адбыўся вясной 2026 года. 11 сакавіка Міраславу вынеслі суровы прысуд — 15 гадоў у калоніі.
Цяпер КДБ абяцае падрабязнасці справы.
Як гаворыць прапаганда ў анонсе, Троцкіс — агент літоўскіх спецслужбаў. Ён прыехаў нібыта для аднаўлення бацькоўскага дома, але насамрэч, заяўляе КДБ, для збору звестак аб стратэгічных беларускіх аб’ектах. Ён, гаворыцца ў сюжэце, знаходзіўся пад назіраннем беларускіх спецслужб з самага моманту перасячэння мяжы.
КДБ сцвярджае, што дзейнасць Троцкіса не абмяжоўвалася толькі сачэннем: ён, заяўляецца ў сюжэце, займаўся стварэннем закладак для іншых прадстаўнікоў літоўскай агентуры і выкарыстоўваў дамы сваякоў для канспіратыўных начлегаў.
Падрабязнасці раскажуць на дзяржТБ увечары.