У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна
У Мінску на бульвары, які носіць імя Уладзіміра Мулявіна, плануецца адкрыць незвычайную «музычную лаўку» ў памяць пра легендарнага артыста — заснавальніка і мастацкага кіраўніка вядомага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры», піша БелТА.
Уладзімір Мулявін
Новы памятны аб’ект з’явіцца побач са скульптурнай кампазіцыяй на бульвары ў сталіцы.
Адкрыццё лаўкі запланавана на 3 ліпеня, у афіцыйны Дзень незалежнасці. Яе асаблівасць у тым, што яна будзе «музычнай»: калі на яе прысесці, можна будзе пачуць некалькі песень.
Паводле задумкі, будуць гучаць тры кампазіцыі. Сярод іх — «Улица без конца», у якой ёсць сімвалічны радок пра тое, што вуліцы называюць імёнамі людзей. Таксама прагучаць дзве песні, прысвечаныя жанчынам у жыцці Мулявіна — «Чырвоная ружа» і «Завушніцы».
Старэйшая дачка музыканта Марына Мулявіна адзначыла, што любая ініцыятыва, звязаная з памяццю пра бацьку, для сям’і мае асаблівае значэнне і дапамагае захоўваць яго спадчыну жывой.
Чытайце таксама:
«Наша Ніва» выпусціла вялікі сюжэт пра зорку «Песняроў» Леаніда Барткевіча