Прэзідэнтка Мексікі запрасіла знакамітую качку Мерлін да сябе ў палац, а тая дзеўбанула яе ў руку
Мерлін стала інтэрнэт-сенсацыяй у дзень адкрыцця чэмпіянату свету, калі яе заўважылі на вуліцах цэнтра Мехіка падчас святкавання перамогі зборнай Мексікі над ПАР.
Вядомая качка Мерлін, якая стала неафіцыйным талісманам Мексікі на ЧС-2026, наведала Нацыянальны палац па запрашэнні прэзідэнткі краіны Клаўдзіі Шэйнбаум.
На традыцыйнай ранішняй прэс-канферэнцыі Мерлін з’явілася ў джэрсі зборнай Мексікі і шаліку ФІФА. Шэйнбаум адзначыла, што гісторыя качкі стала сімвалам не толькі чэмпіянату свету, але і працавітасці яе ўладальнікаў, піша sports.ru.
«Мы хочам пазнаёміцца з гэтай сям’ёй, даведацца пра іх жыццё і дапамагчы ім. Мерлін ужо вельмі вядомая, але менавіта яе сям’я клапоціцца пра яе і робіць Мексіку вялікай краінай», — заявіла прэзідэнт.
Падчас сустрэчы адбыўся пацешны эпізод: калі Шэйнбаум паспрабавала пагладзіць птушку, Мерлін злёгку дзеўбанула яе ў руку.
Мерлін стала інтэрнэт-сенсацыяй у дзень адкрыцця чэмпіянату свету, калі яе заўважылі на вуліцах цэнтра Мехіка падчас святкавання перамогі зборнай Мексікі над ПАР (2:0). З таго часу качка рэгулярна з’яўляецца ў СМІ і лічыцца адным з сімвалаў турніру.
З-за імклівага росту папулярнасці ўладальнікі птушкі ўжо пачалі працэдуру рэгістрацыі выявы Мерлін у якасці гандлёвай маркі, каб абараніць правы на выкарыстанне яе выявы.
«Я хачу, каб увесь свет убачыў прыгожы бок Мексікі. Думаю, наша гісторыя стала папулярнай таму, што людзі ўбачылі звычайную працавітую сям’ю, якая кожны дзень працуе дзеля сваёй будучыні», — сказала гаспадыня качкі Карла Івет Гомес.