У Гомелі хлопец шукае жонку па аб’яве — ён расклеіў па горадзе сотні ўлётак
26‑гадовы інжынер з Гомеля абраў незвычайны на сёння спосаб для пошуку спадарожніцы жыцця, пішуць «Моцныя навіны».
Фота: «Моцныя навіны»
Максіму 26 гадоў. У хлопца дзве адукацыі, ён інжынер, займаецца спортам, чытае кнігі, ведае англійскую. Малады чалавек шукае сабе жонку і выбраў для гэтага крэатыўны спосаб — расклеіў па ўсім горадзе звычайныя папяровыя аб’явы.
Як распавёў Максім «Моцным Навінам», такое рашэнне — не прыкол, хлопец настроены вельмі сур’ёзна. Анлайн-знаёмствы — не для яго, таму ён вырашыў дзейнічаць па-старому, праз флаеры на прыпынках.
Малады чалавек кажа, што эфект ёсць — яму ўжо напісалі некалькі дзяўчат, да таго ж яго аб’явы вірусяцца ў Threads.
Жанатым хлопец не быў, дзяцей у яго пакуль няма. Патэнцыйнай спадарожніцай Максім бачыць дзяўчыну ад 18 да 26 гадоў з падобным светапоглядам.