Палітвязень ажаніўся з каханай па перапісцы — развяліся праз два месяцы на волі
Берасцеец Антон Сотнікаў адбываў свае 4,5 года за пратэсты ў калоніі, дзе памерлі Ашурак і Штэрмер. Адтуль ён выйшаў жанатым на дзяўчыне па перапісцы — але шлюб разваліўся вельмі хутка. Хлопец расказаў «Нашай Ніве» пра абставіны свайго зняволення.
Фота: архіў суразмоўцы
«Усе 4,5 года я чакаў вызвалення, каб паехаць на магілку бабулі і выбачыцца за тое, што ўсё так атрымалася»
Антона Сотнікава арыштавалі ў 2021-м, калі яму было 28 гадоў. Берасцеец пражыў у родным горадзе большую частку жыцця — за выключэннем некалькіх гадоў у канцы 2010-х, калі з’язджаў у Польшчу працаваць.
Хлопца выхавала бабуля. Маці Антона з’ехала за мяжу, яшчэ калі той быў дашкольнікам, цяпер яна з яго сёстрамі ў Чэхіі. Што да бацькі, той жыве ў Брэсце сваім жыццём.
«Вучыўся ў Брэсце на інжынера-будаўніка, з універсітэта выгналі за прагулы. Касіў ад арміі, потым у 2018‑м мяне забралі служыць у 38‑ю брыгаду ў Брэсце. Там служыў паўтара года ў вайсковай разведцы, быў старэйшым разведчыкам-снайперам.
Фота: архіў суразмоўцы
У лістападзе 2019‑га я дэмбельнуўся, з’ехаў у Еўропу да сям’і. Калі пачаўся кавід, паехаў у Брэст, бо былі праблемы з дакументамі. Калі 9 жніўня былі прэзідэнцкія выбары, я не стаяў у баку, бо даваў прысягу Канстытуцыі і народу, з якім застаўся да канца. Пачаў абараняць свой народ і Канстытуцыю, лічу, што я не здраднік Радзімы, а патрыёт», — апісвае хлопец сваё жыццё.
Антон быў сярод пратэстоўцаў, якія выйшлі абараняць вынікі выбараў увечары 9 і 10 жніўня 2020-га. У першы вечар ён трапіў у сутычку, спрабуючы абараніць жанчыну. Тая выйшла да сілавікоў, што стаялі са шчытамі, і папрасіла іх прыбраць шчыты, за што атрымала ўдар па твары. Сілавікі пацягнулі жанчыну да сябе, і берасцейцы кінуліся яе абараняць — сярод іх быў і Антон.
11 жніўня ля дома Антона забілі байкера Генадзя Шутава. Хлопец успамінае, што ля месца трагедыі ён пабачыў нарад ДАІ і супрацоўнікаў АМАПа, у машыну даішнікаў ён кідаў зялёнку.
Генадзь Шутаў. Фота: tut.by
Антона затрымалі ў лютым 2021-га, а ў жніўні абвясцілі яму прысуд.
«Падчас судоў бабуля ў мяне памерла. Вядома, было цяжка. Мне далі 4,5 года турмы, я дагэтуль не прызнаў віну. У 2024‑м прыязджалі ў калонію і прасілі пісаць на памілаванне, сказаў, што не буду. Мне заставалася 7‑8 месяцаў.
Усе 4,5 года я чакаў вызвалення, каб паехаць на магілку бабулі і выбачыцца за тое, што ўсё так атрымалася».
Для хлопца было важна не згубіць чалавечнасць за кратамі:
«Было цяжка і маральна, і фізічна, але справіўся. Адседзеў дастойна, нікому нічога дрэннага не зрабіў, наадварот, падтрымліваў усіх нашых хлопцаў-экстрэмістаў. Тлумачыў коратка і максімальна слушна, як сябе паводзіць, каб яны не трапілі ў той халадзільнік, што ў калоніі — ШІЗА і ПКТ (Антон называе гэта халадзільнікам, бо ў тых памяшканнях звычайна дрэннае ацяпленне — НН).
Мая задача была патлумачыць новаму асуджанаму — ты мусіш захаваць тут сваё здароўе, свой розум і застацца чалавекам. І нікому не давярай, бо нельга тут верыць людзям, асабліва тым, якія працуюць на супрацоўнікаў».
«Штэрмер упаў, дык яму нагой далі ў грудзі — маўляў, уставай, што ты прыкідваешся»
Антон аказаўся ў шклоўскай калоніі ў лістападзе 2021‑га — праз паўгода пасля таго, як там загінуў Вітольд Ашурак. Тады, успамінае хлопец, у калоніі ўсё яшчэ праходзілі праверкі па той справе. Сотнікаў называе імёны сілавікоў, якія, па чутках сярод вязняў, былі датычныя да смерці Ашурка: гэта былы кіраўнік рэжымнага аддзела калоніі Сяргей Карчэўскі і Аляксей Маскалёў, намеснік кіраўніка калоніі па рэжымна-аператыўнай працы.
Антон кажа, што з таго часу Карчэўскага павысілі. Цяпер у яго пасада намесніка дырэктара РУП-17, то-бок прамзоны калоніі.
Яшчэ адзін палітвязень, які так і не вярнуўся дахаты з ПК-17 — гамяльчук Валянцін Штэрмер. Ён памёр у калоніі ў пачатку 2025-га.
Антон яго добра памятае:
«Яго выганялі на прамзону, а ён ледзь хадзіў, на яго пастаянна псіхалагічна ціснулі. Неяк нас з ім вялі ў ШІЗА — ён ішоў наперадзе, а мяне за ім выводзілі ластаўкай. Ён упаў, дык яму нагой далі ў грудзі — маўляў, уставай, што ты прыкідваешся.
Бяскрыўдны чалавек, нікому не мог зрабіць нічога дрэннага».
Валянцін Штэрмер памёр, калі яму каля 60 гадоў. Але Антон успамінае, што выглядаў ён на 10 гадоў старэйшым — згорблены, знясілены і з патрэбай у шпіталізацыі. Штэрмера пастаянна падстаўлялі, нагаворвалі на яго і стваралі ўмовы, каб мужчына трапіў у ШІЗА.
Паводле слоў Антона, Штэрмер быў мішэнню стукачоў. Напрыклад, вязня па прозвішчы Скавыш, які сядзіць за забойства, ці іншага крымінальніка-стукача, Палянскага.
Сотнікаў апісвае светапогляд тамтэйшых стукачоў:
«Галоўнае, каб данос быў прынесены, а чалавека адпрацуюць у любым выпадку, вінаваты ён ці не, таму што мы — «экстрэмісты». Ім не важна, што зрабіць, галоўнае, каб нам было балюча, а ім — добра. Зрабіць выгляд, што яны працуюць на супрацоўнікаў, каб іх заахвоцілі».
На прамзоне Антону дасталася праца ў дрэваапрацоўным цаху. Там вязні рабілі скрыні для снарадаў «Град», якія ў выніку траплялі ў Расію. Антон пагутарыў з тамтэйшымі кіроўцамі, і яны яму расказалі далейшы шлях тых скрыняў:
«Рабілі штомесяц больш за 2000 скрыняў. Усё гэта вывозілася недзе пад Мінск на склады, там ужо ўсё збіралі і везлі зброю на Расію, бо замоўца быў — Расійская Федэрацыя.
У калоніі таксама рабілі скрыні для мінаў. Перапрацоўвалі мазаўскую гуму, чормет, швейны цэх працаваў фактычна на Мінабароны».
«Шмат хто з маіх знаёмых былых палітвязняў ужо ў разводзе, бо жонкі іх не разумеюць і не хочуць разумець»
Па стане на час суда ў Антона была дзяўчына. Але ж калі стала зразумела, што справа скончыцца тэрмінам, адносінам прыйшоў канец.
«Яе выбар — гэта яе выбар, а мой выбар быў відавочны, і мы з ёй цяпер не кантактуем. Яна палічыла, што я тады няправільна зрабіў, асудзіла за тое, што я зрабіў правільныя рэчы як мужчына, грамадзянін і вайсковец. Маўляў, дома трэба было сядзець», — расказвае хлопец пра тыя адносіны.
Але ж доўга быць аднаму не давялося. Антон атрымліваў за кратамі шмат лістоў ад неабыякавых беларусаў, і сярод іх аказаліся лісты ад дзяўчыны, з якой атрымалася асабліва душэўная перапіска.
«Яна даслала мне паштоўку з добрым словам, я адказаў. Неяк усё склалася, перапісваліся паўгода і вырашылі паспрабаваць ажаніцца. Перапісваліся, успамінае ён, пра ўсё на свеце, маглі і проста пра тое, якое сёння неба блакітнае.
«З чаго пачалося каханне? Кахання не было, былі розныя пачуцці, эмоцыі. Хацелася пахутчэй яе пабачыць. Столькі часу знаходзішся ў ізаляцыі і з іншымі асуджанымі, а жанчына — гэта зусім іншае. Тым больш яна на адлегласці, яна прыцягвае, і нейкія пачуцці адкрываюцца. Расказваеш ёй тое, што нікому не расказваў, з’яўляецца давер.
Чакаў ліст, як звар’яцелы, і ў лісце проста раствараўся. Засынаў з усмешкай, потым прачынаўся і чытаў той ліст», — успамінае Антон.
Менавіта ён прапанаваў ажаніцца. Дзяўчыну ўпершыню пабачыў на здымку, які яна даслала раней, а на вяселлі ўжо пабачыліся ўжывую — і хлопец не можа падабраць словы, каб апісаць свае адчуванні ў той момант.
Нявеста апранула белую сукенку і прывезла Антону касцюм. Ім далі 10 хвілін пагаварыць — маўляў, пойдзеце на гэты шлях ці не. Дзяўчына дрыжала ад хвалявання, Антон абняў яе і паабяцаў, што не пакрыўдзіць. Далей быў роспіс і спатканне на два дні.
«Хутчэй за ўсё, была шчырасць, жаданне далей працягваць і паглядзець, што атрымаецца. Гэта добры і мілы чалавек, які пайшоў да мяне насустрач, дапамагаў мне, я пра гэта і сёння не забываю», — разважае хлопец.
Наступныя гады муж і жонка бачыліся толькі па відэасувязі, бо Антону не давалі ў калоніі ніякіх спатканняў. Афлайн атрымалася пагутарыць толькі пасля яго вызвалення, калі яго сустрэлі блізкія:
«Калі мяне сустракалі, у мяне былі шалёныя вочы. Я тады вельмі моцна палаяўся з супрацоўнікамі калоніі — яны казалі, што могуць мяне яшчэ затрымаць на 72 гадзіны, а я казаў, каб мяне адтуль выпускалі.
На прахадной, калі засталося прайсці апошнія дзверы, супрацоўнік мне кажа — маўляў, забудзь гэта ўсё. А я гляджу на яго крывавымі вачыма і кажу: «Я забуду гэта? У мяне такая на сэрцы рана, што я пра гэта не забуду».
Пасля вызвалення Антон зрабіў татуіроўку ў памяць пра бабулю. Фота: архіў суразмоўцы
Пару месяцаў яны спрабавалі будаваць новае жыццё. А потым Антон вырашыў з’ехаць за мяжу, бо яго пачалі прэсаваць сілавікі — зноў ісці ў турму хлопец не збіраўся. Стала ясна, што краіну ён пакіне адзін.
«Я не здолеў. Мяне пачалі не разумець, і я сказаў, што так жыць не змагу», — кажа ён пра прычыны разводу.
І не маўчыць пра сваю ролю:
«Напэўна, я тады хоць і вызваліўся, але думкамі ўсё яшчэ жыў у турме і не мог звыкнуцца з сямейным жыццём, са спакоем. Заўжды думаў пра хлопцаў, якія яшчэ там знаходзяцца, пра тых, для каго ўсё яшчэ толькі распачынаецца, каго затрымліваюць і хто праходзіць праз допыты і следства.
І дагэтуль я думаю пра іх. Сёння я прачынаюся, п’ю кубачак кавы, мне так добра, і адразу другая карцінка — хлопцы, якія сядзяць у ШІЗА, якія чакаюць сустрэчы з роднымі. Настрой падае, таму спрабуеш сябе пераключаць».
Перапіску з палітвязнямі, як і адносіны з імі, нярэдка рамантызуюць. Ці магчыма пераносіць такія адносіны, якія склаліся ў Антона за кратамі, у рэальнае жыццё?
«Людзі з турмы выходзяць зусім іншыя, псіхалагічна разбітыя, у іх іншы светапогляд і іншыя каштоўнасці. Яны не хочуць нічога, не хочуць сям’і, ім хочацца для сябе пажыць. Ёсць людзі з трывалым характарам, яны спрабуюць трымаць гэты боль унутры сябе, але ўсё роўна душа ў іх баліць.
Шмат хто з маіх знаёмых былых палітвязняў ужо ў разводзе, бо жонкі іх не разумеюць і не хочуць разумець. Але ёсць і шмат тых, каго жонкі падтрымалі пасля вызвалення, і яны разам ідуць далей», — кажа Антон.
Антон пасля вызвалення. Фота: архіў суразмоўцы
Цяпер хлопец жыве ў Варшаве і працуе разам з іншымі берасцейскімі палітвязнямі, робіць драўляныя будынкі. Чакае на волі сяброў, што яшчэ за кратамі, асабліва тых, хто абіраў шлях узброенага супраціву — як кажа Антон, «хто не словам, а справай абараняў нашу краіну».
Сяброўства з іншымі былымі палітвязнямі дапамагае не губляць надзеі:
«Вельмі шмат трапляў у дэпрэсію, апошні раз быў максімальна вар’яцкі. Але ёсць людзі, якія дапамаглі мне з яе выйсці. Проста ўсё на адно накладваецца, так што ў лютым я ўжо быў гатовы ехаць на мяжу з Беларуссю — маўляў, саджайце мяне ўжо ў турму, лепш я там пасяджу. Але ўсё роўна даў рады.
Напэўна, дапамаглі надзейныя сябры. Маральна было так цяжка, што быў гатовы, калі не ў Беларусь, дык ехаць ва Украіну ваяваць».