Беларускі інтэрнэт пад ботамі: як іх распазнаваць і што з імі робяць
Сацыяльныя сеткі ўсё больш запаўняюцца кантэнтам, створаным штучным інтэлектам, а дыскусіі — каментарамі ботаў. Гэта не толькі ўскладняе пошук праўдзівай інфармацыі, але і змяняе сам прынцып функцыянавання інтэрнэту, спрыяючы палярызацыі грамадства і росту недаверу. Былы палітвязень Мікола Дзядок тлумачыць, як працуюць гэтыя механізмы, чаму аўтарытарныя дзяржавы актыўна імі карыстаюцца і якія магчымыя спосабы супрацьдзеяння існуюць.
Мікола Дзядок. Фота: «Вясна»
Для большай вобразнасці Дзядок параўноўвае сучасны інтэрнэт з сітуацыяй у кінатэатры, калі адзін чалавек устае, каб лепш бачыць экран, і гэтым прымушае зрабіць тое ж самае ўсіх, хто сядзіць ззаду. У выніку фільм не бачыць ніхто, акрамя тых, хто сядзіць перад першым чалавекам, які падняўся.
На думку блогера, падобны механізм апісваюць некалькі вядомых сацыяльных канцэпцый, у тым ліку «трагедыя агульных рэсурсаў»: якая сцвярджае, што пры наяўнасці нейкага супольнага для ўсіх, бясплатнага рэсурсу, людзі схільныя ім злоўжываць, карыстаючы яго такім чынам, што ён хутка вычэрпваецца альбо робіцца бескарысным.
Падобныя працэсы, як даводзіць Дзядок, цяпер адбываюцца і з распаўсюдам інфармацыі ў сацыяльных сетках. Калі інтэрнэт толькі з'яўляўся, ён быў адкрытай прасторай з адносна роўнымі магчымасцямі для ўсіх. Аднак з ростам колькасці карыстальнікаў і значэння інтэрнэту для палітыкі і бізнесу ўзмацнілася канкурэнцыя за ўвагу аўдыторыі.
Пасля шырокага распаўсюджвання генератыўнага штучнага інтэлекту многія аўтары кантэнту пачалі выкарыстоўваць яго для хуткага стварэння вялікай колькасці тэкстаў, відэа і паведамленняў. Дзядок спасылаецца на даследаванні, паводле якіх да 50% кантэнту ў інтэрнэце сёння зробленыя з выкарыстаннем ШІ.
Пры такім падыходзе галоўнай перавагай становіцца ўжо не якасць матэрыялаў, а іх колькасць. Асабліва вялікія магчымасці атрымліваюць тыя, хто выкарыстоўвае аўтаматызаваныя сістэмы або ботафермы. Гэта прымушае і іншых удзельнікаў інфармацыйнай прасторы выкарыстоўваць тыя ж метады, каб не прайграць у канкурэнцыі.
Яшчэ адной праблемай аўтар называе тое, што адрозніць сапраўдны кантэнт ад створанага штучным інтэлектам становіцца ўсё цяжэй. На яго думку, гэта адначасова палягчае распаўсюджванне фальшывых матэрыялаў і дае магчымасць адмаўляць сапраўдныя доказы, сцвярджаючы, што яны нібыта былі згенераваныя нейрасеткай.
Да такіх практык аўтар адносіць і клікбейт — выкарыстанне максімальна кідкіх загалоўкаў, якія часта не адпавядаюць зместу матэрыялу. На яго думку, гэта прымушае іншых аўтараў таксама ўсё больш звяртацца да падобных прыёмаў, што ў выніку падрывае давер да медыя — карыстальнік увогуле перастае верыць загалоўкам СМІ.
Дзядок адзначае, што актыўнымі карыстальнікамі такіх інструментаў сталі аўтарытарныя дзяржавы, у тым ліку Расія, Кітай і беларускія ўлады. Ботафермы ствараюць бачнасць грамадскай падтрымкі патрэбных тэзісаў, накручваюць прагляды і каментары, а таксама прасоўваюць неабходны кантэнт.
Маніпулятыўныя практыкі
Дзейнасць ботаў, заўважае блогер, не абмяжоўваецца павелічэннем колькасці лайкаў і каментароў. Ён выдзяляе некалькі асноўных тактык, якія выкарыстоўваюцца ў інфармацыйнай вайне.
Па-першае, гэта псіхалагічны ціск на людзей, якія адкрыта крытыкуюць уладу.
Масавыя абразы і асабістыя напады могуць прымусіць частку карыстальнікаў адмовіцца ад удзелу ў публічных дыскусіях.
Па-другое, боты ствараюць таксічную атмасферу сваімі каментарамі.
«Калі адкрываеш секцыю каментароў і бачыш там спрэс абразы, бруд, мат, гіфкі з гаўном і дупамі, узнікае амаль фізічнае жаданне хутчэй закрыць і не акунацца самому ў гэтае лайно. Гэта добра заўважна па каментарах пад пастамі Святланы Ціханоўскай у фэйсбуку (з відавочнай прычыны там боты найбольш актыўныя)», — піша Дзядок і паказвае прыклад на скрыншоце.
Яшчэ адна задача — стварэнне ілюзіі шырокай падтрымкі патрэбных наратываў. У якасці прыкладу аўтар апісвае назіранні за літоўскім сегментам TikTok, дзе ён назіраў, як актыўнасць прарасійскіх акаўнтаў штучна павялічвала папулярнасць радыкальных выказванняў.
«Адкрываю каментары пад відэа, дзе літоўскія ультра-нацыяналісты маршыруюць з банерам «Lietuva Lietuvams» (Літва для літоўцаў). Мала таго, што ў самога відэа надзвычай шмат лайкаў, каментары тыпу «Малайцы, Латвія з вамі!», «Польшча з вамі!», і ўсялякае такое ў духу «далоў іншаземцаў» маюць па 100 і болей лайкаў. А больш разважлівыя каментары, даўжэйшыя і больш змястоўныя чым лозунг, — па 2‑3 лайкі. Такая ненатуральная дыспрапорцыя яўна ўказывае на штучную накрутку, бо кожны хто даўно вядзе сацсеткі ведае, што ў невялічкіх акаўнтах гэта ненатуральная карціна. Мэта відавочная: абазліць мясцовае літоўскае насельніцтва супраць украінцаў і палітуцекачоў Беларусі і Расіі», — піша Дзядок.
Асобна Дзядок спыняецца на тактыцы Firehose of Falsehood («брандспойт хлусні»), якую ён лічыць найбольш небяспечнай на доўгатэрміновым трэку.
Яе сутнасць заключаецца ў тым, каб пасля рэзананснай падзеі адначасова распаўсюдзіць вялікую колькасць розных, часта супярэчлівых версій здарэння. Мэта заключаецца не ў тым, каб людзі паверылі ў нейкую адну версію, а ў тым, каб яны перасталі быць упэўненымі, што праўду ўвогуле можна вызначыць. У якасці прыкладу блогер называе інфармацыйную кампанію пасля атручвання Аляксея Навальнага ў 2020 годзе.
«Улада РФ, ад крэмлеботаў да яе карысных ідыётаў кшталту Такера Карлсана тады пачала імкліва ўкідваць цэлы стос версій, фантастычных па сваёй амаральнасці і абсурднасці:
— Атруцілі свае ж, апазіцыянеры — хацелі «ажывіць пратэстны рух!»
— Парушэнне вугляводнага абмену.
— Атруціўся грыбамі.
— Атруціўся няякаснай гарэлкай.
— Інсцэніроўка заходніх спецслужбаў.
У дадзеным выпадку абсалютна не важна што ўсе версіі абвяргаюцца элементарным здаровым глуздам, нават без спецыяльных экспертных ведаў. Але ў канцэпцыі Firehorse of Falsehood яе застрэльшчыку ня трэба, каб вы прынялі афіцыйную, праўладную версію падзеяў. Трэба, каб вы сказалі: «не ўсё так адназначна» і «ўсёй праўды мы не даведаемся» ва ўмовах, калі ўсё якраз-такі адназначна», — адзначае Мікола Дзядок.
Яшчэ адной тактыкай аўтар называе палярызацыю грамадства краіны-суперніцы ці супольнасці-суперніцы.
Паводле яго, расійскія інфармацыйныя аперацыі могуць спалучаць падтрымку рэальных радыкальных груп з выкарыстаннем ШІ-акаўнтаў, якія імітуюць супрацьлеглыя крайнія пазіцыі — ад ультраправых нацыяналістаў да радыкальных феміністак або іншых ідэалагічных груп.
Такія акаўнты актыўна ўдзельнічаюць у дыскусіях, выкарыстоўваюць агрэсіўную рыторыку, перабольшваюць існыя праблемы і распаўсюджваюць правакацыйныя або фальшывыя паведамленні, імкнучыся ўзмацніць канфлікты паміж рознымі групамі насельніцтва.
«Адныя і другія пачынаюць ствараць свае акаўнты, старонкі і каналы, актыўнічаць у каментарах х максімальна агрэсіўнай рыторыкай, імкнучыся, па мажлівасці, радыкалізаваць блізкія да сябе слаі насельніцтва (феміністкі — жанчын, джыхадзісты — мусульман), схіляючы іхнія погляды ў бок большай агрэсіі лозунгамі («мусульмане гвалцяць нашых жанчын!», «мужчыны — гэта смецце!»), гіпербалізацыі рэальна існуючых праблем, а часта і праз фэйкавыя інфанагоды», — піша Дзядок.
На думку аўтара, у выніку радыкальныя погляды атрымліваюць у інтэрнэце значна большую бачнасць, чым гэта адпавядае іх сапраўднай падтрымцы ў грамадстве. Такую тактыку мы выразна назіраем і ў беларускім інтэрнэце, беларускіх супольнасцях.
Магчымыя наступствы
На думку Дзядка, пашырэнне штучнага інтэлекту і ботаў у сацыяльных сетках мае некалькі важных наступстваў.
Першым ён называе рост палярызацыі грамадства, калі людзі ўсё менш гатовыя да кампрамісаў і ўсё часцей аб'ядноўваюцца толькі вакол сваёй групы.
Другой праблемай аўтар лічыць тое, што ў сацыяльных сетках становіцца ўсё цяжэй ацэньваць рэальную грамадскую думку. На гэта ўплываюць як алгарытмы платформаў, так і дзейнасць ботаў, якія могуць ствараць уражанне масавай падтрымкі тых ці іншых пазіцый.
Акрамя таго, на яго думку, праз таксічную атмасферу і засілле ШІ-кантэнту людзі, якія разлічваюць на змястоўныя дыскусіі і абмен аргументамі, паступова пакідаюць сацыяльныя сеткі.
На яго думку, гэта прыводзіць да таго, што ў іх становіцца адносна больш ботаў і карыстальнікаў, схільных да агрэсіўнай манеры зносін, а агульная якасць дыскусій працягвае горшаць.
Як супрацьдзейнічаць ботам
Аўтар прапануе некалькі магчымых шляхоў супрацьдзеяння гэтай тэндэнцыі.
Першы — актыўнае выяўленне і выдаленне сетак фальшывых акаўнтаў самімі інтэрнэт-платформамі. Ён адзначае, што Meta ужо паведамляла пра ліквідацыю шэрагу такіх сетак, аднак лічыць гэтыя меры недастатковымі.
Другі магчымы варыянт — абавязковая ідэнтыфікацыя карыстальнікаў па пашпарце, з сэлфі і асабістымі дадзенымі. Аднак, заўважае Дзядок, такое рашэнне стварае сур'ёзныя рызыкі для прыватнасці і канцэнтрацыі персанальных даных у руках буйных карпарацый.
Найбольш рэалістычным ён лічыць удасканаленне алгарытмаў, якія маглі б аўтаматычна выяўляць і блакаваць ботаў.
Акрамя таго, Дзядок прапануе ўзмацніць прававую адказнасць за стварэнне і выкарыстанне інструментаў для інфармацыйных маніпуляцый. На яго думку, штрафы і блакаванні павінны распаўсюджвацца як на арганізатараў ботафермаў, так і на юрыдычных асоб, чыя прадукцыя выкарыстоўваецца ў такіх мэтах.
Ён таксама лічыць, што вытворцы праграмнага забеспячэння і тэхнікі павінны несці частку адказнасці за тое, каб іх распрацоўкі не выкарыстоўваліся для інфармацыйнага забруджвання, а распрацоўка спецыялізаванага праграмнага забеспячэння для такіх мэтаў павінна цягнуць за сабой прававую адказнасць.
На індывідуальным узроўні, як піша блогер, кожны, хто падвергся атацы ботаў у каментарах, сутыкаецца з дылемай: забаніць іх, гэта значыць панізіць свой пост у індэксацыі: меней каментароў (хоць і ад ботаў), меней людзей яго пабачыць. А не баніць — атрымаеш памыйніцу ў каментарах.
Дзядок адзначае, што сам аддае перавагу выбарачнаму блакаванню найбольш агрэсіўных акаўнтаў, імкнучыся пры гэтым не спрыяць яшчэ большай дэградацыі дыскусій.
Завяршаючы артыкул, аўтар вяртаецца да аналогіі з кінатэатрам і выказвае думку, што доўгатэрміновае захаванне агульных правілаў важнейшае за кароткатэрміновую выгаду, нават калі гэта патрабуе больш складаных рашэнняў:
«Асабіста для сябе я абраў шлях максімізацыі сваіх пераваг у межах правілаў. Я не хачу быць тым чалавекам, які ўстане і заслоніць прагляд фільма суседу. Аднак паспрабую максімізаваць свае канкурэнтныя выгоды, не шкодзячы самім інстытутам. Прытрымлівацца сумленнай канкурэнцыі ў кароткатэрміновай перспектыве можа азначаць адставанне, але ў доўгатэрміновай — дапамагае захаваць інстытуты і правілы, важныя для ўсіх.
Так што, апынуўшыся ў кінатэатравым прыкладзе, аб якім я казаў напачатку, мажліва, трэба не ўскокваць адразу з месца, паўтараючы за неразумным суседам, а папрасіць чалавека наперадзе прысесці. Мажліва, паспрабаваць адхіліцца ў бок, альбо звярнуцца да ўсіх наўкол з заклікам паважаць адзін аднаго і ўключыць здаровы глузд. Альбо выйсці ў праход і глядзець кіно адтуль.
І спадзявацца, што іншыя пойдуць за тваім прыкладам. Бо добры прыклад, як паказвае жыццё, гэтаксама ж заразлівы, як і дрэнны», — піша былы беларускі палітвязень.