Дэфіцыт бензіну ў Расіі перакідаецца і на Цэнтральную Азію
Дэфіцыт бензіну ў Расіі пачынае адбівацца і на краінах Цэнтральнай Азіі, якія ў значнай ступені залежаць ад паставак расійскага паліва.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: autostrada.uz
Паводле інфармацыі агенцтва Bloomberg, Кыргызстан звярнуўся да Казахстана, Азербайджана і Туркменістана з просьбай дапамагчы забяспечыць стабільныя пастаўкі нафтапрадуктаў. У Міністэрстве энергетыкі краіны заявілі, што цяперашніх запасаў паліва дастаткова, а зварот да партнёраў носіць прафілактычны характар. Адначасова ўлады ўвялі гранічныя цэны на бензін для спажыўцоў.
Ва Узбекістане за апошні месяц значна падаражэў бензін маркі АІ-92. З пачатку чэрвеня яго кошт вырас амаль на 12 працэнтаў, а аб'ёмы паставак на біржу прыкладна ўдвая скараціліся.
Казахстан, які з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам нафты ў рэгіёне, узмацніў кантроль на мяжы, каб спыніць незаконны вываз паліва. Раней краіна таксама абмежавала чыгуначны экспарт асобных нафтапрадуктаў. Урад даручыў прыняць дадатковыя меры, каб не дапусціць дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку.
Праблемы ў краінах Цэнтральнай Азіі ўзніклі на фоне дэфіцыту бензіну ў Расіі. Ён звязаны са зніжэннем вытворчасці на нафтаперапрацоўчых заводах пасля атак беспілотнікаў. Да канца чэрвеня ў большасці расійскіх рэгіёнаў паведамлялася пра абмежаванні продажу паліва або перабоі з яго пастаўкамі.
З 1 красавіка Расія таксама ўвяла забарону на экспарт бензіну, пакінуўшы выключэнне толькі для паставак у межах міжурадавых пагадненняў, якія дзейнічаюць з некаторымі краінамі Цэнтральнай Азіі.
Гэта сітуацыя паказвае, наколькі дзяржавы рэгіёна застаюцца залежнымі ад расійскіх паставак нафтапрадуктаў, нягледзячы на рост эканамічнага супрацоўніцтва з Кітаем.
Чытайце таксама:
Расіяне сталі масава шукаць прысадкі для паляпшэння якасці бензіну
Чаму Крэмль не здольны спыніць паліўны крызіс у Маскве нават цаной татальнага дэфіцыту ў рэгіёнах
Індыя пачала марскія пастаўкі бензіну ў Расію
Казахстан паставіць у Расію каля 50 тысяч тон бензіну ў якасці гуманітарнай дапамогі