Беларусь увайшла ў сусветны топ-10 па долі жанчын у насельніцтве
Праект visualcapitalist візуалізаваў даныя Сусветнага банка за 2023 год і праранжыраваў краіны з найбольшай доляй жанчын у насельніцтве, піша Thinktanks.pro.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: LookByMedia
На першым месцы ў сусветным рэйтынгу апынуўся Ганконг, дзе доля жанчын у насельніцтве складае 54,9%. На другім месцы размясцілася Малдова з паказчыкам 54%. Трэцяе месца дасталася Макаа: 53,9%.
Беларусь і ўсе яе суседзі, акрамя Польшчы, таксама ўвайшлі ў топ-15 краін з самай высокай доляй жанчын сярод насельніцтва.
Латвія размясцілася на чацвёртым месцы — там доля жаночага насельніцтва склала 53,7%.
Расія і Украіна занялі 6 і 7 месцы адпаведна. У Расіі гэты паказчык зафіксаваны на ўзроўні 53,6%, а ва Украіне: 53,5%.
Беларусь жа заняла дзявятае месца. У нас доля жанчын у насельніцтве склала 53,4%. Літва размясцілася на 11‑м месцы з паказчыкам 52,8%.