БЕЛ Ł РУС

Пуцін не прыедзе на сустрэчу з Зяленскім у Канстанцінаўку

4.07.2026 / 18:27

Nashaniva.com

Крэмль адрэагаваў на прапанову Уладзіміра Зяленскага сустрэцца ў Канстанцінаўцы, пра «поўны кантроль» над якой расійскі бок заяўляў напярэдадні. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расійскі лідар гатовы да сустрэчы, але выключна на сваёй тэрыторыі — у Маскве, а не ў прыфрантавой зоне.

Уладзімір Пуцін. Фота: Ramil Sitdikov Pool Photo via AP

Каментуючы ініцыятыву ўкраінскага лідара, Пяскоў адзначыў, што Расія вітае гатоўнасць Зяленскага прыехаць, аднак месцам для сустрэчы павінна быць расійская сталіца.

«Усё ж такі сталіцай РФ з'яўляецца Масква, а не Канстанцінаўка. Таму ён можа прыехаць у Маскву, як толькі будзе гатовы прыняць важныя адказныя рашэнні», — заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта.

Як мы пісалі раней, Уладзімір Зяленскі прапанаваў Пуціну сустрэцца ў Канстанцінаўцы ў адказ на заявы расійскага боку аб нібыта захопе гэтага горада.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што калі б населены пункт сапраўды знаходзіўся пад кантролем Расіі, Пуцін змог бы прыехаць туды для пошуку дыпламатычных рашэнняў па спыненні вайны.

«Але ён усё ж не перасякае лінію фронту: праўда вельмі адрозніваецца ад слоў Пуціна», — адзначыў Зяленскі, назваўшы заявы аб захопе «чарговай расійскай хлуснёй».

Напярэдадні Расія абвясціла аб усталяванні кантролю над Канстанцінаўкай у Данецкай вобласці. Генеральны штаб Украіны гэтыя заявы абвяргае.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула