Канапацкая і сілавікі раяць студэнтам і выпускнікам ЕГУ, а таксама іх бацькам на ўсялякі выпадак напісаць у «камісію па вяртанні»
«Каб пазбегнуць нявызначаных і адвольных прававых наступстваў на месцах».
Ганна Трухановіч, раней вядомая як Ганна Канапацкая. Фота: яе фэйсбук
Двухразовая спарынг-партнёрка Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах Ганна Канапацкая (цяпер па пашпарце Трухановіч), якая ўваходзіць у склад «камісіі па вяртанні» (афіцыйна — Камісія па разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў), дала параду асобам, «датычным да дзейнасці ЕГУ», у тым ліку бацькам выпускнікоў і студэнтаў.
Ганна Трухановіч напісала, што на чарговым пасяджэнні камісіі ўзняла пытанне пра ЕГУ — бо, на яе думку, склалася нявызначаная прававая сітуацыя для супрацоўнікаў, студэнтаў, выпускнікоў і нават бацькоў, якія плацілі за навучанне дзяцей.
Трухановіч папярэдзіла прысутных, што без адзінага вертыкальна-ведамаснага падыходу мясцовыя праваахоўныя органы могуць трактаваць сітуацыю адвольна, што прывядзе да больш сур'ёзных наступстваў, чым меркавалася першапачаткова.
Сілавікі і прапагандысты, якія з’яўляюцца большасцю ў складзе камісіі, прыйшлі да рашэння — хай усе, датычныя да ЕГУ, напішуць у камісію самі і спытаюць, ці парушалі яны закон.
«Лічу неабходным максімальна распаўсюдзіць гэту інфармацыю сярод зацікаўленых асобаў», — падсумоўвае Ганна Трухановіч.