БЕЛ Ł РУС

У Гродне прадаюць унікальную кватэру, якой мог бы пазайздросціць Карлсан

7.07.2026 / 09:07

Nashaniva.com

Студыя проста на даху шматпавярховіка!

Фота: grodno.urielt.by

Кватэра месціцца ў прамым сэнсе на даху 11‑павярховага дома. Гэта адзін з трох дамоў, пабудаваных напрыканцы 1990-х, якія ў народзе называюць «дамамі пад сінімі дахамі». У свае часы яны лічыліся ледзь не элітнымі.

«Пад сінімі дахамі» гэтыя дамы называюць праз тое, што ў іх ёсць сінія кавалачкі даху і адмысловыя шпакоўні.

Так выглядаюць дамы «пад сінімі дахамі» звонку. Скрыншот: Яндэкс Панарамы

У адной з трох гэтых «шпакоўняў» і прадаюць кватэру.

«З тэрасы бачны ўвесь горад, а ў пагодлівы дзень відаць польскую і літоўскую мяжу», — сказана ў апісанні да аб'екта.

Фота: grodno.urielt.by

Раней там была майстэрня мастака, але пазней памяшканне перавялі ў жылы фонд, таму пражыванне і, адпаведна, прапіска там цалкам законныя.

Агульная плошча кватэры-студыі — амаль 30 квадратаў. Асноўнае памяшканне мае плошчу 25,8 метра і падзелена на два ўзроўні.

Фота: grodno.urielt.by

На ніжэйшым узроўні месціцца кухонная зона, а на некалькі прыступак вышэй — спальня-гасцёўная.

Фота: grodno.urielt.by

Таксама ў кватэры ёсць невялікі санвузел з душавой кабінай і рукамыйнікам.

Фота: grodno.urielt.by

Апроч гэтага, ёсць зашклёная тэраса, дзе месціцца лесвіца, што вядзе непасрэдна ў кватэру.

Фота: grodno.urielt.by

Каб дабрацца ў гэтую кватэру, апроч лесвіцы, што на тэрасе, давядзецца падняцца яшчэ на пару пралётаў пасля таго, як вы ўжо выйдзеце з ліфта на апошнім паверсе. 

Вышыня столяў у кватэры ад 2,41 да 3,21 метра. З акна тэрасы ёсць выхад наўпрост на дах дома.

Фота: grodno.urielt.by

Просяць за такую ўнікальную кватэру 200 800 рублёў, што каля $69 тысяч, або $2300 за метр пры сярэдняй цане квадрата па Гродна $1182.

Фота: grodno.urielt.by

Падобныя памяшканні ёсць на кожным з трох дамоў. На адным з суседніх будынкаў у «шпакоўні» здавалі памяшканне пад офіс.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула