БЕЛ Ł РУС

Зяленскі ў Анкары: Вы сапраўды лічыце правільным, каб краіна з такім досведам заставалася па-за НАТА?

7.07.2026 / 17:08

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас выступу на Форуме абаронных індустрый НАТА, які праходзіць у Анкары, заявіў, што Украіна мае ўнікальны досвед сучаснай вайны, а яе абаронныя і бяспекавыя магчымасці істотна ўмацуюць НАТА ў выпадку, калі яна стане сябрам Альянсу.

Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo/Hussein Malla

«У мяне ёсць да вас пытанне: вы сапраўды лічыце правільным, каб краіна і народ з такім узроўнем абаронных магчымасцяў заставаліся па-за НАТА? Калі мы ўжо маем такія здольнасці, калі ўкраінцы ўжо навучыліся так ваяваць, то цалкам лагічна, каб гэтыя магчымасці сталі часткай калектыўнай абароны Альянсу. Гэта зробіць мацнейшымі ўсіх нас», — сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што Украіна і НАТА ўжо бачаць адно аднаго як надзейных партнёраў.

«І цалкам натуральна было б стаць часткай адзінай супольнасці бяспекі. Улічваючы тое, што мы яшчэ доўга будзем заставацца побач з крыніцай пагрозы — Расіяй, Украіна ў НАТА будзе азначаць з’яўленне выключна моцнай абароннай здольнасці», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

На пацвярджэнне сваіх слоў Зяленскі нагадаў, што Сілы абароны Украіны штомесяц знішчаюць каля 30 тысяч расійскіх салдат.

«Толькі ў чэрвені было ліквідавана амаль 28 тысяч расійскіх вайскоўцаў. І мы маем відэапацвярджэнне кожнага такога выпадку. Пераважную большасць з іх паразілі дронамі. І, шчыра кажучы, мы зусім не ганарымся гэтым. Я кажу пра гэта толькі для таго, каб паказаць, які выгляд мае сучасная вайна. Гэта вайна, якую мы не пачыналі, але якую вымушаныя весці, каб абараніць сваю краіну, сваіх людзей і сваіх дзяцей», — патлумачыў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Паводле яго слоў, украінскія Сілы абароны павысілі ўзровень перахопу расійскіх дронаў тыпу «шахед» да больш чым 90%.

«Гэта азначае, што штотыдзень мы збіваем тысячы расійскіх ударных беспілотнікаў. І пры ўсёй павазе, ніводная іншая краіна не мела досведу абароны ад атак дронаў у такіх маштабах. Рэальнасць гэтай вайны вымусіла нас стварыць такія магчымасці. Сёння мы абараняемся ад сотняў ударных дронаў штодня і штоноч, а таксама ад тысяч штотыдзень і штомесяц. Абаронны сектар Украіны развіў гэтыя магчымасці падчас поўнамаштабнай вайны», — адзначыў Зяленскі.

Ён таксама згадаў пра кампанію па гарантаванні бяспекі Чорнага мора з дапамогай марскіх беспілотнікаў.

«Гэта ўжо не проста ўдарныя дроны, прызначаныя для знішчэння расійскіх вайсковых караблёў у моры. Нашы марскія дроны ўжо ператварыліся ў шматфункцыянальныя платформы, здольныя наносіць удары з мора па розных цэлях як на сушы, так і ў паветры», — заўважыў Зяленскі.

Паводле яго слоў, адначасова Украіна ваюе ў небе на двух ключавых кірунках: абараняе людзей ад расійскіх атак і ажыццяўляе дальнабойныя ўдары па Расіі як адказ на гэтую вайну, а таксама паражае аб’екты па ўсёй глыбіні часова акупаваных тэрыторый Украіны.

З усім гэтым досведам, як адзначыў Зяленскі, Украіна істотна ўмацуе НАТА, калі стане яго часткай.

Чытайце таксама:

Зяленскі: Лукашэнка зайшоў у казіно не ў той дзень

Зяленскі і Трамп сустрэнуцца на гэтым тыдні

«Ёсць рэальная перспектыва завяршыць вайну». Зяленскі зрабіў аптымістычную заяву пасля размовы з Трампам

Зяленскі прапанаваў Пуціну сустрэцца ў Канстанцінаўцы, «раз яна цяпер пад кантролем Расіі»

Украіна наносіць удары па расійскіх цэнтрах касмічнай сувязі. Што гэта дае?

Каментары да артыкула