Работнікі чыгункі тры месяцы кралі з цягнікоў паліва
У Магілёве затрымалі 48‑гадовага машыніста дызель-цягніка рэгіянальных ліній і яго 30‑гадовага памочніка. Паводле звестак сілавікоў, мужчыны кралі дызельнае паліва для наступнага продажу.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
Як паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, затрыманне правялі супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Ленінскага РУУС.
Следства ўстанавіла, што з лютага па красавік работнікі лакаматыўнага дэпо рэгулярна злівалі дызельнае паліва з цягнікоў. Іх дзеянні зафіксавалі камеры відэаназірання.
За тры месяцы яны выкралі каля 600 літраў паліва. Паводле інфармацыі міліцыі, скрадзенае паліва прадавалі знаёмым і сваякам.
Шкода ад іх дзеянняў ацэньваецца больш як у 1200 рублёў. Па факце крадзяжу завялі крымінальную справу.
Чытайце таксама:
П'яны механік скраў чужую машыну, каб сустрэцца з жанчынай. Але яна гэтага не ацаніла
«Ён сказаў, што накладзе праклён!» Экстрасэнс з інтэрнэту прымусіў мінчанку здзейсніць крадзеж