БЕЛ Ł РУС

У мінскае метро не пусцілі мужчыну з рулонам лінолеуму. Ці законна гэта?

8.07.2026 / 15:47

Nashaniva.com

У Мінску супрацоўнікі службы бяспекі метрапалітэна не прапусцілі мужчыну на станцыю «Міхалова» з рулонам лінолеуму. Інцыдэнт адбыўся ў канцы чэрвеня і пасля публікацыі відэа ў сацыяльных сетках выклікаў шырокае абмеркаванне, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Мужчына сцвярджаў, што склаў рулон удвая, таму лічыў яго ручной паклажай, дазволенай для перавозкі. Аднак супрацоўнікі метро патлумачылі, што нават у складзеным выглядзе лінолеум не адпавядаў патрабаванням правілаў перавозкі. Яны прапанавалі пасажыру дадаткова скласці і перавязаць рулон так, каб яго даўжыня не перавышала ўстаноўленыя нормы. Па словах прадстаўнікоў метрапалітэна, мужчына адмовіўся гэта зрабіць і пачаў спрачацца.

Падчас канфлікту пасажыр здымаў размову на відэа, а пасля размясціў запіс у інтэрнэце. У адказ супрацоўнікі папярэдзілі яго пра адказнасць за распаўсюджванне персанальных даных. Урэшце бакі не здолелі вырашыць спрэчку самастойна і паведамілі пра намер выклікаць міліцыю.

У Мінскім метрапалітэне пацвердзілі, што правілы не дазваляюць перавозіць багаж, які перавышае дапушчальныя памеры. Супрацоўнікі службы бяспекі маюць права праверыць габарыты ручной паклажы з дапамогай вымяральных прылад.

Паводле дзейных правіл, бясплатна можна правозіць толькі ручную паклажу ў межах устаноўленых памераў. За багаж, памеры якога ў суме складаюць ад 121 да 200 сантыметраў, а таксама за рулоны даўжынёй ад 101 да 170 сантыметраў і дыяметрам ад 11 да 15 сантыметраў, неабходна асобна аплаціць праезд, купіўшы дадатковы жэтон. Пры гэтым адзін пасажыр можа правозіць не больш за два такія месцы багажу.

Калі ж памеры паклажы перавышаюць 200 сантыметраў у суме вымярэнняў, у метро з ёй не прапускаюць, паколькі гэта можа стварыць нязручнасці і пагрозу бяспецы іншых пасажыраў.

Цяпер міліцыя праводзіць праверку па факце магчымага незаконнага распаўсюджвання персанальных даных супрацоўнікаў метро. Калі ў дзеяннях мужчыны будзе ўстаноўлены склад адміністрацыйнага правапарушэння, яму можа пагражаць штраф да 200 базавых велічынь.

У інтэрнэце меркаванні наконт здарэння падзяліліся. Частка карыстальнікаў падтрымала пасажыра, аднак многія сталі на бок супрацоўнікаў метрапалітэна, адзначыўшы, што яны дзейнічалі ў адпаведнасці з правіламі і клапаціліся пра бяспеку пасажыраў.

Чытайце таксама:

У метро паказалі, як непазнавальна за 30 гадоў змяніліся ваколіцы станцыі «Усход» ФОТАФАКТ

Чаму ў Мінску не пабудуюць метро ў «Паўночны Бераг»?

«Павісла на гэтых жалязяках». Мінчанцы турнікетам зламала нагу ў метро

«Алеся» і «Марыя» пройдуць пад Свіслаччу. Як у сталіцы будуюць трэцюю лінію метро

Каментары да артыкула