Былы грузчык з беларускай вёскі аказаўся даверанай асобай кіраўніка расійскага Сбербанка Германа Грэфа
Журналісцкае расследаванне паказала, што ў асяроддзі кіраўніка Сбербанка Германа Грэфа ёсць беларус, які выконвае ролю памочніка і даверанай асобы. Імаверна, ён займаецца руціннай працай (дастаўка, пакупкі, афармленне дакументаў), каб сям’я Грэфа не свяцілася ў базах даных.
Герман Грэф з жонкай
Спачатку тэлеграм-канал ВЧК-ОГПУ паведаміў, што жонка кіраўніка Сбербанка Яна Грэф выкарыстоўвала для афармлення сваіх карт у Сбербанку «фантом» — імя «Паўлаў Уладзімір Васільевіч».
Журналісты «Сістэмы» праверылі ўцечкі даных і высветлілі: Уладзімір Паўлаў — рэальны чалавек. Яму 43 гады, ён на сем гадоў маладзейшы за жонку Грэфа.
Паўлаў відавочна блізкі да сям’і Грэфа: яго тэлефон у чужых запісных кніжках фігуруе як «Греф Герман Оскарович», «Владимир Греф», «Яна Греф Архангельское», «Володя Архангельское» і «Охр Архангельское Володя».
У пасёлку Архангельскае недалёка ад знакамітай Рублёўскай шашы знаходзіцца рэзідэнцыя Грэфа.
Той жа нумар выкарыстоўваўся для дастаўкі тавараў у Архангельскае.
Ад імя карыстальніка «Марыя Грэф» (таксама клічуць адну з дачок кіраўніка Сбербанка) у Архангельскае заказвалі БАДы, а сам Паўлаў фігуруе як заказчык спрэю супраць грыбка пазногцяў і акумулятара для аўтамабіля Tesla (такі ёсць у Грэфа).
Дастаўку ў Архангельскае замаўляла і жонка Грэфа — як правіла, з прэміяльных крам адзення. Пры гэтым пазначаная ў заказах жонкі кіраўніка Сбербанка электронная пошта таксама выкарыстоўвалася і для дастаўкі на адрас Паўлава.
У 2021‑м у якасці месца працы Паўлаў указваў Сбербанк — гэта вынікае з кавід-пропуску на дызельны Хендай Санта Фэ, уладальнікам і страхавальнікам якога лічыўся сам Грэф.
У пропуску пазначаны і пашпарт Паўлава — беларускі. Згодна з уцечкамі, Паўлаў нарадзіўся ў вёсцы Магілёўскай вобласці і да пераезду ў Расію працаваў грузчыкам на абласной птушкафабрыцы.
Рэдакцыя накіравала запыты ў Сбербанк і на пошты Паўлава.