У Польшчы расіяніну, які выдаваў сябе за апазіцыянера, далі сем гадоў калоніі за працу на ФСБ. Яго жонка таксама атрымала тэрмін
Іх прызналі вінаватымі ў працы на ФСБ.
Акруговы суд Саснаўца 9 ліпеня асудзіў расійскага апазіцыянера Ігара Рогава да сямі гадоў пазбаўлення волі, а яго жонку Ірыну — да трох гадоў.
Іх прызналі вінаватымі ў працы на ФСБ, піша «Вот Так».
Суровы прысуд Рогаву тлумачыцца сур'ёзнымі абвінавачваннямі: яго прызналі вінаватым у шпіянажы і ўдзеле ў адпраўцы пасылкі з выбухоўкай. Ірына Рагова была прызнана вінаватай у садзейнічанні і падбухторванні да шпіянажу.
Суды над расіянамі праходзілі ў закрытым для прэсы рэжыме.
Паводле версіі следства, з лютага па жнівень 2022 года Рогаў супрацоўнічаў з ФСБ — збіраў інфармацыю пра прадстаўнікоў расійскай апазіцыі, якія пражываюць у Польшчы, а таксама пра людзей і арганізацыі, якія ім дапамагаюць.
Следства лічыць, што мужчына перадаваў сабраныя даныя жонцы на зашыфраваным электронным носьбіце, а яна перасылала іх супрацоўнікам ФСБ у Расіі.
Таксама, паводле інфармацыі пракуратуры, у ліпені 2024 года Рогаў разам з двума грамадзянамі Украіны і адным грамадзянінам Расіі ўдзельнічаў у адпраўцы пасылкі з небяспечным грузам і арганізацыі яе атрымання.
Следства сцвярджае, што ў адпраўленні знаходзіліся ўзрыўныя прылады і матэрыялы, уключаючы нітрагліцэрын. Пасылку канфіскавалі на складзе кур’ерскай службы да таго, як яна была дастаўлена адрасату.