БЕЛ Ł РУС

Мінздароўя прыпыніла працу буйнога прыватнага медцэнтра «Лазар» у Баранавічах

9.07.2026 / 17:39

Дзяніс Рудніцкі

Запісацца на прыём да доктара ў прыватны шматпрофільны медыцынскі цэнтр «Лазар» зараз немагчыма. Па тэлефоне кажуць, што не працуе ён «па тэхнічных прычынах». Але «Наша Ніва» даведалася: прычына ў праверках Мінздароўя.

Медцэнтр «Лазар». Фота: «Наш край»

Афіцыйнай інфармацыі пра тое, што прыпынена ці анулявана ліцэнзія медцэнтра «Лазара», няма. Але ж трапіць туды да спецыялістаў людзі не могуць ужо не першы дзень.

Раней патэнцыйным кліентам казалі ператэлефанаваць 12 ліпеня. Зараз ужо кажуць пра 19 ліпеня — але сумна папярэджваюць: не факт, што тады праца ўжо будзе адноўлена.

Медыцынскі цэнтр «Лазар» працуе ў Баранавічах з 2017 года. Адкрывалі яго з пафасам: тады чыноўнікі адзначалі, што дзякуючы медцэнтру горад зможа развіваць медыцынскі турызм. У 8‑павярховым будынку нават прадугледзелі гасцініцу на двух апошніх паверхах, каб прыезджым пацыентам было зручна.

Віктар Новік, уладальнік цэнтра і дырэктар кампаніі «Фарэс Груп» тады ж казаў, што медыцынскага цэнтра падобнага ўзроўню ў Беларусі няма. А ў раёнцы пісалі: «Ён аснашчаны самым сучасным імпартным абсталяваннем. Цалкам абсталявана стаматалогія. Наведвальнікаў прымуць анколаг-мамолаг, кардыёлаг, тэрапеўт, хірург, афтальмолаг, оталарынголаг, гінеколаг, педыятр. Ёсць тут працэдурныя кабінеты, эндаскапічны кабінет, свая лабараторыя».

У 2026 годзе «Лазар» ужо аказваў паслугі больш чым па 20 медыцынскіх напрамках.

Пасля 2020 года аналагічныя сітуацыі адбываліся неаднаразова. Мінздароўя раптоўна ставіла на паўзу працу розных прыватных медцэнтраў — ад маленькіх і не вельмі вядомых да гігантаў кшталту «Ладэ». Вярнуцца да працы ў выніку змаглі не ўсе.

Чытайце таксама:

Прыватная стаматалогія раптоўна паведаміла, што з 1 красавіка прыпыняе прыём кліентаў

Мінаховы здароўя закрыла адзін медцэнтр, а дзейнасць двух аднавіла

Мінздароўя прыпыніла дзеянне ліцэнзій трох медцэнтраў

«Калі б Каўрыгін узяў сабе ў менеджары адстаўнога генерала, то абышлося б». Бізнэсоўцы пракаментавалі закрыццё «Новага зроку»

Каментары да артыкула