Дзяўчына ў Гомелі схадзіла да стаматолага і была ўражаная цаной. Пасля публічнага скандалу цану знізілі
Жыхарка Гомеля расказала ў сацыяльнай сетцы Threads, што заплаціла ажно 410 рублёў за прафесійную чыстку зубоў у прыватнай стаматалагічнай клініцы «Ю-Клінік». Па яе словах, такая цана стала для яе нечаканасцю, таму дзяўчына вырашыла спытаць, што наконт гэтага думаюць іншыя карыстальнікі, піша BG.Media.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: belmedtour.com
Публікацыя хутка набыла шырокі розгалас. Многія адзначылі, што кошт працэдуры выглядае завышаным, а найбольш пытанняў выклікала дэталізацыя рахунка, у якім асобна былі пазначаныя матэрыялы і расходныя элементы.
Некаторыя карыстальнікі прывялі прыклады, што ў іншых прыватных клініках падобная працэдура каштуе прыкладна ўдвая танней. Да абмеркавання далучыліся і стаматолагі, якія таксама выказалі здзіўленне асобнымі пазіцыямі ў рахунку.
Пасля грамадскага рэзанансу адміністрацыя клінікі разгледзела зварот пацыенткі і прапанавала ёй індывідуальную зніжку. У выніку кошт працэдуры быў зменшаны да 282 рублёў 10 капеек, што амаль на 128 рублёў менш за першапачатковую суму.
Пазней дзяўчына паведаміла, што ў клініцы растлумачылі высокі кошт тым, што чыстка праводзілася на ўсіх яе 28 зубах. Аднак яна заявіла, што не лічыць такое тлумачэнне дастаткова пераканаўчым. Пры гэтым пацыентка падкрэсліла, што не мае прэтэнзій да якасці аказанай паслугі і працы персаналу — пытанні ў яе ўзніклі толькі наконт цэнаўтварэння.
Пасля гэтага прадстаўнікі клінікі папрасілі дзяўчыну выдаліць апублікаваныя фатаграфіі дакументаў, паколькі на іх былі бачныя персанальныя даныя супрацоўнікаў. Таксама ў клініцы заявілі, што далейшае распаўсюджванне гэтых матэрыялаў можа нанесці шкоду яе дзелавой рэпутацыі.
Чытайце таксама:
Мінздароўя прыпыніла працу буйнога прыватнага медцэнтра «Лазар» у Баранавічах
Загадкавая паталогія зубоў, якая закранае мільёны дзяцей
Беларус аплаціў дзяўчыне вініры, а пасля раставання запатрабаваў грошы. Што кажа закон?