Беларускі крымінальнік запісаўся на фронт, каб яго не выгналі з Расіі. Але ўрэшце сеў за забойства на 11 гадоў
Аляксандр Гаранкоў пабачыў на сабутэльніку кампрэсійныя панчохі, вырашыў, што той — гей, і збіваў яго да смерці.
Калонія ва Уладзіміры. Ілюстрацыйнае фота: AP Photo/Kirill Zarubin
Грамадзянін Беларусі Аляксандр Гаранкоў у 2022 годзе атрымаў у Расіі тэрмін за разбой. Пасля вызвалення яму пагражала дэпартацыя з краіны. Каб яе пазбегнуць, ён падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны Расіі. Аднак на фронт так і не трапіў — замест гэтага беларус пасяліўся ў чужой кватэры ў Белгарадзе, дзе праз некалькі месяцаў да смерці забіў мужчыну і атрымаў новы тэрмін, на гэты раз на 11 гадоў строгага рэжыму.
У лістападзе 2022 года Ляфортаўскі раённы суд Масквы прызнаў Гаранкова вінаватым у разбоі (ч. 1 ст. 162 КК РФ) і даў яму тры гады калоніі агульнага рэжыму. Тэрмін ён адбываў ва ўладзімірскай калоніі. У кастрычніку 2024 года яго вызвалілі.
Яшчэ ў калоніі Гаранкоў пазнаёміўся з чалавекам, які паабяцаў дапамагчы з працаўладкаваннем і жыллём у Белгарадзе. У лістападзе 2024‑га ён туды і пераехаў — пасяліўся ў кватэры знаёмага свайго новага прыяцеля. Умова была простая: замест платы за пражыванне беларус рабіў у кватэры касметычны рамонт.
Паколькі Гаранкоў — грамадзянін Беларусі, пасля вызвалення яго чакала дэпартацыя. Каб не даць яму схавацца ад высылкі, паліцыя патрабавала праз суд змясціць яго ў спецустанову для замежнікаў.
Але да разгляду справы Гаранкоў паспеў заключыць кантракт з Міністэрствам абароны Расіі на праходжанне вайсковай службы тэрмінам на год. А калі чалавек ідзе на кантрактную службу, трымаць яго пад вартай нельга.
Але, як аказалася пазней, «ісці на службу» яшчэ не значыла «ісці на фронт». Яшчэ ў лютым 2025‑га — праз тры месяцы пасля таго, як суд спыніў дэпартацыю дзякуючы кантракту, — Гаранкоў у Белгарадзе ўсё яшчэ займаўся зборам дакументаў для заключэння кантракту з Міністэрствам абароны і рабіў рамонт у кватэры.
Увечары 22 сакавіка 2025 года Гаранкоў фарбаваў у кватэры аконную раму, калі заўважыў мужчыну, які праходзіў міма. Ён прапанаваў яму выпіць разам. Будучая ахвяра, мужчына сярэдняга ўзросту, жанаты, без судзімасцяў, які, як пазней апісвала яго дачка, быў «клапатлівым і бесканфліктным», пагадзіўся.
Выпіўшы на кухні каля літра гарэлкі, Гаранкоў прапанаваў суразмоўцу памыцца самому і памыць бруднае адзенне. Калі той раздзеўся, беларус убачыў на нагах сабутэльніка кампрэсійныя панчохі — мужчына насіў іх праз праблемы з венамі на нагах, праз гэта дрэнна перасоўваўся. Гаранкоў вырашыў, што той — гомасэксуал, таму накінуўся на ахвяру і пачаў збіваць: спачатку кулакамі ў галаву, потым, калі той упаў, — нагамі па тулаве, руках і нагах. Усяго ён нанёс не менш за 23 удары. Калі ахвяра заціхла, Гаранкоў супакоіўся, выпіў яшчэ гарэлкі і заснуў.
Раніцай ён зразумеў, што госць мёртвы. Прыбраў у кватэры сляды крыві, сабраў рэчы забітага і выкінуў іх у смеццевы кантэйнер. Затым купіў дзве вялікія торбы, спрабуючы вынесці цела на вуліцу, — не змог, бо труп быў занадта цяжкі. 25 сакавіка ён сабраў рэчы і паехаў спачатку ў Курск, потым у Арол — накіроўваючыся, як пазней распавёў следству яго знаёмы, у бок Беларусі. 28 сакавіка на чыгуначным вакзале Бранска, ужо каля беларускай мяжы, яго затрымалі супрацоўнікі паліцыі. Гаранкоў адразу прызнаўся ў забойстве.
Як высветлілася пазней з судова-медыцынскай экспертызы, смерць наступіла не адразу: ахвяра памерла ад траўматычнага шоку, выкліканага пераломам грудзіны і мноствам пераломаў рэбраў з абодвух бакоў, недзе ў прамежку паміж вечарам 22 сакавіка і ноччу 24 сакавіка — то-бок, магчыма, ужо пасля таго, як Гаранкоў пакінуў кватэру і паехаў.
Цела знайшлі толькі 25 сакавіка ўвечары, калі гаспадар кватэры па просьбе паліцыі, якая шукала мужчыну па заяве яго дачкі аб знікненні бацькі, адчыніў дзверы сваім ключом.
Кастрычніцкі раённы суд Белгарада прызначыў Гаранкову 11 гадоў калоніі строгага рэжыму. Яшчэ каля $10 тысяч ён павінен заплаціць у якасці кампенсацыі маральнай шкоды дачцэ забітага.